Священное Писание

Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны,
3:2і паслалі Цімафея, брата нашага і служы́целя Божага і супрацоўніка нашага ў дабравесці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай,
3:3каб ніхто не пахіснуўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ведаеце, што так нам вы́значана.
3:4Бо мы і тады, калі былí ў вас, прадказвалі вам, што будзем паку́таваць, як і здарылася, і вы гэта ведаеце.
3:5Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не спакусíў ча́сам вас спакуснік і не стала марнаю праца наша.
3:6А цяпер, калі да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашу, і пра тое, што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, пра́гнучы нас убачыць, як і мы вас,  
3:7то мы, пры ўсім горы і нястачы нашай, суце́шаны вамі, браты, вераю вашай;
3:8бо цяпер мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе.
3:9Якую ж падзяку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю радасць, якою мы радуемся з – за вас перад Богам нашым,
3:10ноч і дзень найшчырэ́й молячыся пра тое, каб убачыць аблічча ваша і дапоўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай?
3:11Няхай жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас.
3:12А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас,
3:13каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь.