Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1Пасля гэтага было свята Іудзейскае, і прыйшоў Іісус у Іерусалім.
5:2Ёсць жа ў Іерусаліме каля Авечых варот купальня, што называецца па – яўрэйску Віфезда, і мае пяць крытых хадоў;
5:3у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, што чакалі руху вады;
5:4бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэння вады, той выздараўліваў, якой бы хваробай ні быў апанаваны.
5:5Быў жа тут нейкі чалавек, што трыццаць восем гадоў пакутаваў ад хваробы сваёй.
5:6Іісус, убачыўшы яго ляжачым і даведаўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэе, кажа яму: хочаш стаць здаровым?
5:7Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар, але не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада; а пакуль я прыходжу, іншы сыходзіць раней за мяне.
5:8Кажа яму Іісус: устань, вазьмі пасцель тваю і хадзі.
5:9І адразу выздаравеў чалавек; і ўзяў пасцель сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
5:10Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота, і нельга табе браць пасцелі тваёй.
5:11Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацаліў, сказаў мне: «вазьмі пасцель тваю і хадзі».
5:12Тады спыталіся ў яго: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: «вазьмі пасцель тваю і хадзі»?
5:13Ацалёны ж не ведаў, хто Ён, таму што Іісус скрыўся, бо натоўп быў на тым месцы.
5:14Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага.
5:15Пайшоў чалавек гэты і паведаміў Іудзеям: гэта Іісус ацаліў мяне.
5:16І таму Іудзеі сталі гнаць Іісуса і імкнуліся забіць Яго, што Ён рабіў гэта ў суботу.
5:17Іісус жа казаў ім: Айцец Мой дагэтуль дзее, і Я дзею.
5:18І з – за таго яшчэ больш імкнуліся Іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
5:19На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не можа Сын рабіць Сам ад Сябе нічога, калі не будзе бачыць, што Айцец робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;
5:20бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць; і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, так што вы дзівіцца будзеце;
5:21бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча;
5:22бо Айцец і не судзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,
5:23каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца; хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
5:24Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і на суд не прыходзіць, але перайшоў ад смерці ў жыццё.
5:25Праўду, праўду кажу вам: настае час, ды і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць,
5:26бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе, так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,
5:27і ўладу даў Яму суд чыніць, бо Ён ёсць Сын Чалавечы.
5:28Не здзіўляйцеся гэтаму: бо настае час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
5:29і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця, а тыя, што рабілі зло, ва ўваскрасенне суду.
5:30Не магу Я рабіць Сам ад Сябе нічога. Як чую, так суджу, і суд Мой праведны, бо не шукаю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
5:31Калі б Я сведчыў пра Сябе, то сведчанне Маё непраўдзівае;
5:32іншы ёсць, які сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне;
5:33вы пасылалі да Іаана, і ён засведчыў пра ісціну.
5:34Я не ад чалавека сведчанне прымаю, але кажу гэта, каб вы збаўлены былі;
5:35ён быў свяцільнікам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі пацешыцца нейкі час пры святле яго.
5:36Але Я маю сведчанне, большае за Іаанава: бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзейсніць, самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,
5:37і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблічча Яго не бачылі,
5:38і не маеце слова Яго, якое было б у вас, бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не верыце.
5:39Даследуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне.
5:40Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
5:41Славы ад людзей Я не прымаю,
5:42але ведаю вас, што любові да Бога вы не маеце ў сабе.
5:43Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
5:44Як вы можаце вераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы, якая ад Адзінага Бога, не шукаеце?
5:45Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом; ёсць той, хто абвінавачвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяцеся.
5:46Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
5:47Калі ж вы яго пісанням не верыце, як Маім словам паверыце?