Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 25

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 25
25:1Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам, якія, узяўшы свяцільнікі свае, выйшлі сустрэць жаніха;
25:2пяць з іх было неразумных пяць мудрых;
25:3неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею;
25:4а мудрыя узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі;
25:5і калі жаніх замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
25:6Але апоўначы крык пачуўся: «вось, жаніх ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».
25:7Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцільнікі свае.
25:8А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо свяцільнікі нашыя гаснуць».
25:9А мудрыя сказалі ў адказ: «каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе».
25:10Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
25:11Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «пане! пане! адчыні нам».
25:12Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: не ведаю вас».
25:13Дык вось, чувайце; бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
25:14Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю:
25:15і аднаму даў пяць талантаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адразу адышоў.
25:16Той, хто атрымаў пяць талантаў, пайшоў: уклаў іх у справу і набыў другія пяць;
25:17гэтак сама і той з двума набыў другія два;
25:18а той, хто атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
25:19Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць з імі рахунак.
25:20І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: «Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне; вось, другія пяць талантаў я набыў на іх».
25:21Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
25:22Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты, і сказаў: «гаспадар! два таланты ты даў мне; вось, другія два таланты набыў я на іх».
25:23Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».
25:24Падышоў і той, што атрымаў адзін талант, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
25:25і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талант твой у зямлі; вось табе тваё».
25:26Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
25:27таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
25:28Дык вось вазьміце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў,
25:29бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае;
25:30а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!)
25:31Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
25:32і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
25:33і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
25:34Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету:
25:35бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
25:36быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
25:37Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасмяглага і напаілі?
25:38калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
25:39калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?»
25:40І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».
25:41Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго: «ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны дыявалу і ангелам яго:
25:42бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
25:43быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».
25:44Тады і яны скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
25:45Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».
25:46І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыццё вечнае.