Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 11

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 11
11:1Пачулі Апосталы і браты́, якія былí ў Іудзеі, што і язычнікі прынялí сло́ва Божае.
11:2І калі Пётр прыйшоў у Іерусалім, абрэ́заныя папрака́лі яго,
11:3ка́жучы: да людзей неабрэ́заных увахо́дзіў ты і еў з імі.
11:4Тады пачаў Пётр апавяда́ць ім па пара́дку, ка́жучы:
11:5у горадзе Іаппíі я маліўся і ў захапле́нні бачыў відзе́нне: сыхо́дзіць нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно́, за чатыры канцы́ апу́шчанае з неба, і наблíзілася яно да мяне;
11:6узіра́ючыся ў яго, я разгле́дзеў і ўба́чыў чатырохно́гіх зямны́х, і звяро́ў, і паўзуно́ў, і птушак нябе́сных.
11:7І пачуў я голас, які казаў мне: «устань, Пётр, закалí і еж».
11:8Але я сказаў: «ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо нішто пага́нае ці нячы́стае ніколі не ўвахо́дзіла ў ву́сны мае́».
11:9І адказаў мне голас з неба другі раз, ка́жучы: «тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным».
11:10Так было́ тройчы; і ўзя́та было́ ўсё зноў на неба.
11:11І вось, у той самы час падышлí да до́ма, у якім я быў, тры чалавекі, пасла́ныя з Кесары́і да мяне.
11:12І сказаў мне Дух пайсці з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў, і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.
11:13І ён паве́даміў нам, што бачыў у доме сваім Ангела, які стаў і сказаў яму: «пашлі ў Іаппíю людзей і паклíч Сімана, якога завуць Пятром,
11:14ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой».
11:15Калі я пачаў прамаўля́ць, сышоў Дух Святы́ на іх, як і на нас у пача́тку.
11:16І ўспо́мніў я сло́вы Госпада, як Ён казаў: «Іаан хрысцíў вадою, а вы будзеце ахры́шчаны Ду́хам Святы́м».
11:17Дык вось, калі такі са́мы дар даў ім Бог, як і нам, якія ўве́равалі ў Госпада нашага Іісуса Хрыста, то хто я такі, каб мог перашко́дзіць Богу?
11:18Вы́слухаўшы гэта, яны супако́іліся і ўсла́вілі Бога, ка́жучы: зна́чыць, і язы́чнікам Бог даў пакая́нне дзе́ля жыцця́.
11:19Між тым, рассе́яныя ў вы́ніку гане́ння, якое даты́чылася Сцяфана, прайшлі да Фінікíі, і Кіпра, і Антыяхíі, нікому не прапаве́дуючы сло́ва, акрамя́ Іудзеяў.
11:20Былí ж некато́рыя з іх Кіпрыётамі і Кірыне́йцамі, якія, прыйшо́ўшы ў Антыяхíю, прамаўля́лі да Элінíстаў, прапаве́дуючы Госпада Іісуса.
11:21І была́ рука Гаспо́дняя з імі; і вялікая ко́лькасць, уве́раваўшы, звярну́лася да Госпада.
11:22І дайшла вестка пра іх да царквы ў Іерусаліме, і паслалі Варна́ву ісці ў Антыяхíю;
11:23ён, прыйшоўшы і ўба́чыўшы блага́даць Божую, узра́даваўся і заахво́чваў усіх, каб застава́ліся з Госпадам шчы́рым сэ́рцам;
11:24таму што ён быў чалавек добры і напо́ўнены Ду́хам Святы́м і вераю. І далучы́лася даволі многа наро́ду да Госпада.
11:25Тады Варнава пайшоў у Тарс шука́ць Саўла, і, знайшо́ўшы яго, прывёў у Антыяхíю;
11:26і ста́лася так, што яны цэлы год збіра́ліся ў царкве і навуча́лі даволі шмат людзей; і вучні ў Антыяхíі ўпершыню́ пачалí называ́цца Хрысція́намі.
11:27У тыя дні прыйшлí з Іерусаліма ў Антыяхíю прарокі;
11:28і адзін з іх, па імені Ага́ў, устаўшы, прадказа́ў праз Ду́ха, што па ўсім свеце наста́не голад вялікі, такі, як быў пры ке́сары Кла́ўдзіі;
11:29тады вучні вы́значылі, каб кожны з іх, паводле даста́тку свайго, паслаў дапамогу брата́м, якія жылí ў Іудзеі,
11:30так яны і зрабілі, паслаўшы сабра́нае да прасвітараў праз Варнаву і Саўла.