Священное Писание

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 8

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 8
8:1Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;
8:2пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці; 
8:3бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчодрымі:
8:4яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;
8:5і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;
8:6таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.
8:7А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.
8:8Кажу гэта не як загад, але праз руплíвасць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.
8:9Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.
8:10І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.
8:11А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.
8:12Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.
8:13Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.
8:14У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,
8:15як напісана: “у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы”.
8:16Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплíвасць у адносінах да вас у сэрца Ціта;
8:17бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.
8:18Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,
8:19які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;
8:20зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;
8:21бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
8:22Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з – за вялікай упэўненасці ў вас.
8:23Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.
8:24Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.