Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 4

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 4
4:1Дык вось, будзем асцерага́цца, каб, пакуль яшчэ застаецца ў сіле абяцанне пра ўваход у спакой Яго, не аказалася, што нехта з вас спазніўся.
4:2Бо і нам да́дзена дабравесце, як і тым; але не пайшло ім на карысць слова пачутае, не спалучы́ўшыся з вераю тых, якія пачулі.
4:3А ўваходзім у спакой мы, якія ўверавалі, бо Ён сказаў: “Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой”, хоць справы Яго былі здзейснены на пачатку свету.
4:4Таму што ска́зана недзе пра сёмы дзень так: “і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх спраў Сваіх”.
4:5І яшчэ тут: “не ўвойдуць у спакой Мой”.
4:6Дык вось, паколькі некаторым застае́цца магчымасць увайсці ў яго, а тыя, каму раней абве́шчана, не ўвайшлі з – за непакорлівасці,
4:7то Ён зноў вызначае пэўны дзень — “сёння”, гаворачы праз Давіда, пасля такога доўгага часу, як вышэй сказана: “сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы”.
4:8Бо калі б Іісус Навін увёў іх у спакой, то не гаварылася б пасля гэтага пра іншы дзень.
4:9Таму для народа Божага суботні спакой яшчэ наперадзе.
4:10Бо хто ўвайшоў у спакой Яго, той і сам спачыў ад спраў сваіх, як Бог — ад Сваіх.
4:11Дык вось, пастараемся ўвайсці ў той спакой, каб хто – небудзь не паў, пераняўшы той самы прыклад непакорлівасці.
4:12Бо слова Божае — жывое, і дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двухбаковы, і пранікае яно да раздзялення душы́ і духа, суставаў і мозгу касцей, і су́дзіць помыслы і намеры сэрца.
4:13І няма стварэння, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго: Яму дадзім адказ.
4:14Дык вось, маючы Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Іісуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага.
4:15Бо мы маем не такога першасвятара, што не можа пакутаваць разам з намі ў немачах нашых, а Такога, што зазнаў усё, падобна нам, акрамя граху.
4:16Таму прысту́пім з адвагаю да прастола благадаці, каб атрымаць міласць і здабыць благадаць для своечасовай дапамогі.