Священное Писание

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Хіба мы зноў пачынаем прадстаўляць сябе́ Няўжо патрэбны нам, як некаторым, рэкамендацыйныя пасланні да вас ці ад вас?
3:2Вы — наша пасланне, якое напісана ў сэрцах нашых, якое пазнаю́ць і чытаюць усе людзі;
3:3вы паказваеце сабою, што вы — пасланне Хрыстова, якое з’явілася плёнам служэння нашага і напісана не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцевых скрыжалях сэрца.
3:4Такую ўпэўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста,
3:5не таму, што мы здольны самі па сабе падумаць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здольнасць наша ад Бога,
3:6Які і зрабіў нас здольнымі быць служыцелямі Новага Запавету, не літары, а духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
3:7Калі ж служэнне смерці, літарамі высечанае на камянях, было такім слаўным, што сыны Ізраілевы не маглі глядзець на твар Маісея з – за славы твару яго мінучай,
3:8то наколькі больш слаўным будзе служэнне духу?
3:9Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то намнога больш напоўнена славаю служэнне апраўдання.
3:10І вось, праслаўленае не з’яўляецца слаўным па гэтай прычыне, з – за славы, якая перавышае.
3:11Бо калі мінучае ма́е славу, то тым большую славу ма́е тое, што застае́цца.
3:12Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,
3:13а не так, як Маісей, які накладаў покрыва на твар свой, каб сыны Ізраілевы не глядзелі на заканчэнне мінучага.
3:14Але розум ў іх закамянеў: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязнятым пры чытанні Старога Запавету, паколькі яно здымаецца Хрыстом.
3:15Дагэтуль, калі яны чытаюць Маісея, покрыва ляжыць на сэрцы іх;
3:16але калі хто звяртаецца да Госпада, то покрыва здымаецца.
3:17Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода.
3:18Мы ж усе, з адкрытым тварам сузіраючы, як у люстэрку, славу Гасподнюю, перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, паводле Гасподняга Духа.