Священное Писание

Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1nbsp; Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым,
9:2што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім:
9:3бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці;
9:4яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і слава, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні;
9:5іхнія і айцы, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны на векі, амінь.
9:6Гэта не значыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізраіля, — Ізраільця́не,
9:7і не ўсе, хто з пато́мства Аўраама, — дзеці яго; але ска́зана: “У Ісааку будзе назва́на тваё пато́мства”.
9:8Гэта значыць, што не дзеці па плоці з’яўляюцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лíчацца пато́мствам.
9:9А сло́ва абяца́ння такое: “у гэты самы час Я прыду́, і будзе ў Са́рры сын “.
9:10І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэвекаю, якая зачала́ адначасова двух сыноў ад Ісаака, айца нашага,
9:11бо калі яны яшчэ не нарадзíліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала
9:12не ад спраў, а ад Таго, Хто паклíкаў, — ска́зана было́ ёй: “бо́льшы будзе служы́ць меншаму”,
9:13як і напíсана: “Іакава Я ўзлюбíў, а Ісава ўзненавідзеў”.
9:14Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? — Ні ў якім разе.
9:15Бо Ён кажа Маісею: “каго памíлаваць — памíлую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю”.
9:16Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкнецца, але ад Бога, Які мíлуе.
9:17Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: “дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі”.
9:18Дык вось, Ён каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
9:19Ты скажаш мне: ”за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?”
9:20А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліняны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: “чаму ты мяне зрабіў такім?”
9:21Хіба́ ж ганчар не ма́е ўлады над глінаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасудзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага?
9:22Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і явíць магутнасць Сваю, трываў з вялікай доўгацярплівасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагібель,
9:23каб явíць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, —
9:24над намі, якіх Ён паклíкаў не толькі з Іудзеяў, але і з язы́чнікаў?
9:25як і ў кнізе Асíі Ён кажа: “не Мой народ назаву Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай;
9:26і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: “вы не Мой народ”, — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога”.
9:27А Ісаія абвяшча́е пра Ізра́іль: “хоць і будзе колькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца;
9:28бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашуча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі”.
9:29І як прадказа́ў Ісаія: “калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам се́мені, то мы б сталі як Садом і былі б падобныя да Гаморы”.
9:30Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру;
9:31а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці.
9:32Чаму́ Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкнуліся аб ка́мень спатыкне́ння,
9:33як напíсана: “вось, кладу ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто веруе ў Яго, пасаро́млены не будзе”.