Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 21

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 21
21:1Пасля гэтага явiўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыядскім. Явіўся ж так:
21:2былi разам Сіман Пётр i Фама, званы Блiзнюк, i Нафанаiл з Каны Галiлейскай, i сыны Зевядзеевы, i двое
21:3кажа iм Сіман Пётр: iду рыбу лавiць. Кажуць яму: iдзём i мы з табою. Выйшлi яны i селі адразу ў лодку, i ў тую ноч не злавiлi нiчога.
21:4Калi ж настала ўжо ранiца, стаў Іісус на беразе, але не пазналi вучнi, што гэта Іісус;
21:5кажа iм Іісус: дзецi! цi ёсць у вас якая ежа? Яны адказалi Яму: няма.
21:6Ён жа сказаў iм: закiньце мярэжу з правага боку лодкі, i зловiце. Яны закiнулi і ўжо не маглi выцягнуць яе з – за мноства рыбы.
21:7Тады вучань, якога любiў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сіман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся вопраткай, бо быў голы, i кiнуўся ў мора;
21:8іншыя ж вучнi прыплылі ў лодцы, — бо яны былі не далёка зямлi, а локцяў каля двухсот, — цягнучы мярэжу з рыбаю;
21:9калi ж яны выйшлi на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча, а на iм рыба ляжыць і хлеб;
21:10кажа iм Іісус: прынясіце той рыбы, што вы злавiлi цяпер.
21:11Пайшоў Сіман Пётр i выцягнуў на зямлю мярэжу, поўную вялiкiх рыб, якiх было сто пяцьдзесят тры, i пры такой колькасці не парвалася мярэжа.
21:12Кажа iм Іісус: хадзiце сюды, снедайце. І нiхто з вучняў не пасмеў спытацца ў Яго: хто Ты? — ведаючы, што гэта Гасподзь.
21:13Падыходзiць Іісус, бярэ хлеб i дае iм; і рыбу таксама.
21:14Гэта ўжо трэцi раз явiўся Іісус вучням Сваiм, уваскрэсшы з мёртвых.
21:15Калi ж яны паснедалi, кажа Сіману Пятру Іісус: Сімане Іонаў, цi любiш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Іісус кажа яму: пасi ягнят Маіх.
21:16Кажа яму зноў, другi раз: Сімане Іонаў, цi любiш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом авечак Маіх.
21:17Кажа яму трэцi раз: Сімане Іонаў, цi любiш ты Мяне? Засмуцiўся Пётр, што Іісус трэцi раз спытаўся ў Яго: цi любiш ты Мяне? — i сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Кажа яму Іісус: пасi авечак Маіх;
21:18праўду, праўду кажу табе: калi ты быў малады, то падпяразваўся сам i хадзiў, куды хацеў; а калi састарэешся, то выцягнеш рукi твае, i iншы падпяража цябе i павядзе, куды не хочаш.
21:19А гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Пётр праславiць Бога. I, сказаўшы гэта, кажа яму: iдзi за Мною.
21:20Аглянуўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любiў Іісус і які на вячэры, прыхіліўшыся да грудзей Яго, сказаў: Госпадзі! хто выдасць Цябе?
21:21Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што?
21:22Кажа яму Іісус: калi Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзi.
21:23I разнеслася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калi Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду, то што табе да гэтага?
21:24Гэта і ёсць той вучань, які сведчыць пра гэта i напiсаў гэта; і ведаем, што сведчанне яго ісціннае.
21:25Ёсць i многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабязна апiсаць гэта, думаю, што i сам свет не ўмясцiў бы напісаных кнiг. Амiнь.