Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1І калі я прыходзіў да вас, браты, дык прыходзіў не з красамоўствам ці мудрасцю абвяшча́ць вам све́дчанне Божае,
2:2таму што, будучы ў вас, вырашыў я нічога не ведаць, акрамя Іісуса Хрыста, і прытым распя́тага;
2:3і быў я сярод вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні.
2:4І слова маё, і пропаведзь мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасці, а ў выяўле́нні Духа і сілы,
2:5каб вера ваша трывала не на мудрасці чалавечай, а на сіле Божай.
2:6Аб мудрасці ж мы гаворым сярод дасканалых, але не аб мудрасці веку гэтага і князёў веку гэтага, якія знікаюць,
2:7а гаворым аб прамудрасці Божай, у тайне скрытай, якую прадвы́значыў Бог перад вякамі для славы нашай
2:8і якую ніхто з князёў веку гэтага не спазна́ў; бо калі б спазна́лі, то не распя́лі б Госпада славы.
2:9Але як напíсана: “вока таго не бачыла, вуха не чула, і на сэрца чалавеку не прыходзіла тое, што ўгатаваў Бог тым, хто лю́біць Яго”.
2:10А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім: бо Дух ва ўсё праніка́е, і ў глыбíні Божыя.
2:11Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку́ толькі дух чалавечы, які ў ім. Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.  
2:12Мы ж прынялí не духа свету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць падарава́нае нам Богам,
2:13пра гэта і гаворым не ад чалавечай мудрасці вы́вучанымі сло́вамі, а вы́вучанымі ад Духа Святога, тлума́чачы духоўнае духоўным. 
2:14Душэўны чалавек не прыма́е таго, што ад Духа Божага, бо гэта для яго неразумнасць, і не можа зразумець, паколькі пра гэта трэба судзíць духоўна.
2:15Духоўны ж су́дзіць пра ўсё, а пра яго судзíць ніхто не можа.
2:16Бо хто́ спазнаў розум Госпада, каб мог павуча́ць Яго́ А мы маем розум Хрыстоў.