Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1Калі ж Ён скончыў усе словы Свае да народа, які слухаў, то ўвайшоў у Капернаум.
7:2У аднаго сотніка раб, якім ён даражыў, быў хворы пры смерці.
7:3Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын Іудзейскіх, просячы Яго, каб прыйшоў ацаліць раба яго.
7:4І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэта,
7:5бо ён любіць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.
7:6Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
7:7таму і сябе самога я не палічыў годным, каб прыйсці да Цябе; але скажы слова, і выздаравее слуга мой.
7:8Бо і я, чалавек, падпарадкаваны ўладзе, але, маючы пад сабою воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і рабу майму: «зрабі гэта», і робіць.
7:9Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
7:10І, вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага раба здаровым.
7:11І сталася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наін; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.
7:12Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, якраз, выносілі памерлага, адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.
7:13Убачыўшы яе, Гасподзь злітаваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.
7:14І, падышоўшы, дакрануўся да насілак; тыя, што неслі, спыніліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.
7:15І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.
7:16І ахапіў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.
7:17І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.
7:18І паведамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
7:19І, паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які мае прыйсці, ці чакаць нам другога?
7:20Прыйшоўшы да Яго, гэтыя мужы сказалі: Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які мае прыйсці, ці чакаць нам другога?
7:21А ў гэты час Ён многіх ацаліў ад хвароб і немачаў і злых духаў і многім сляпым падараваў зрок.
7:22І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзіце, паведаміце Іаану, што вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогія дабравесцяць;
7:23і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
7:24А калі адышлі пасланцы Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? трысціну, ветрам калыханую?
7:25Што ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убранага ў мяккае адзенне? Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве, тыя ў царскіх палацах.
7:26Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
7:27Гэта той, пра каго напісана: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
7:28Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Божым большы за яго.
7:29І ўвесь народ, што слухаў, і мытнікі прызналі правату Бога, хрысціўшыся хрышчэннем Іаанавым;
7:30а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысціўшыся ад яго.
7:31І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
7:32Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жалобнае, а вы не плакалі.
7:33Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы кажаце: у ім дэман.
7:34Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы кажаце: вось чалавек, які любіць есці і віно піць, сябра мытнікам і грэшнікам.
7:35І апраўдана мудрасць усімі дзецьмі яе.
7:36Нехта з фарысеяў прасіў Яго паесці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
7:37І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узляжыць у доме фарысея, прынесла алебастравую пасудзіну міра
7:38і, стаўшы ззаду каля ног Яго, плачучы, пачала абліваць слязьмі ногі Яго і валасамі галавы сваёй выцірала, і цалавала ногі Яго, і мазала мірам.
7:39Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
7:40І, адказваючы, Іісус сказаў яму: Сімане! Я маю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.
7:41Іісус сказаў: у аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;
7:42але, паколькі яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Каторы з іх, скажы, больш узлюбіць яго?
7:43І сказаў Сіман у адказ: думаю, той, якому больш дараваў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзіў.
7:44І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сіману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі не даў; а яна слязамі абліла Мне ногі і валасамі галавы сваёй выцерла.
7:45Ты цалавання Мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не пераставала цалаваць Мне ногі.
7:46Ты галавы Маёй алеем не памазаў, яна ж мірам памазала Мне ногі.
7:47А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбіла многа; а каму мала адпускаецца, той мала любіць.
7:48І ёй сказаў: адпускаюцца табе грахі.
7:49І пачалі тыя, што ўзляжалі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?
7:50Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам.