Священное Писание

Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 2

Оглавление
1  2  3  4 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1Я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, што ў Лаадыкíі і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не бачыў аблічча майго ў плоці,
2:2каб усце́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,
2:3у Якім скрыты ўсе скарбы мудрасці і ве́дання.
2:4Гэта кажу я, каб хто – небудзь не ўвёў вас у зман праўдападобнымі довадамі;
2:5бо я, хоць і адсутнічаю плоццю, але духам з вамі, радуючыся і бачачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.
2:6Дык вось, як прынялí вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзіце ў Ім,
2:7укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былі наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзячнасцю.
2:8Глядзіце, каб хто – небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста,
2:9бо ў Ім прысутнічае ўся паўната Бажаства цялесна,
2:10і вы маеце паўнату ў Ім, Які з’яўляецца галавою ўсякага начальства і ўлады;
2:11у Ім вы і абрэзаны былí абрэзаннем нерукатворным, скіда́ннем грахоўнага цела плоці, абрэзаннем Хрыстовым;
2:12пахаваныя разам з Ім у хрышчэнні, у Ім вы разам і ўваскрэслі праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
2:13і вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў неабрэзанні плоці вашай, ажывіў разам з Ім, прабачыўшы нам усе грахі,
2:14сцёршы прад’яўлены нам спісак даўгоў, што быў супраць нас; Ён скасаваў яго, прыбіўшы цвікамі да крыжа;
2:15абяззброіўшы начальствы і ўлады, Ён выставіў іх на ганьбу, перамогшы іх Сабою.
2:16Дык вось, няхай ніхто не асуджа́е вас за ежу, ці за пітво, ці за тое, што даты́чыць свята, ці маладзіка́, ці суботы:
2:17гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.
2:18Ніхто няхай не ўвядзе вас у зман праз самавольную пакорнаму́драсць і паклане́нне ангелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, марна надзіма́ючыся плоцкім сваім розумам
2:19і не трыма́ючыся галавы, ад якой ўсё цела, сувязямі і злучэннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце ўзраста́ннем Божым.
2:20Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхій свету, то чаму вы, як быццам жывучы́ ў свеце, падпарадкоўваецеся ўстанаўленням:
2:21“не дакранайся”, “не еж”, “не чапа́й” —
2:22усё гэта знішчаецца пры ўжыванні — паводле запаведзяў і вучэння чалавечага́
2:23гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным пакланенні, пакорнамудрасці і знясільва́нні цела, у пэўным занядба́нні насычэ́ння плоці.