Священное Писание

Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1Вы ж самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што не ма́рны ён быў;
2:2але, перацярпеўшы пакуты і знявагі ў Філіпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам дабравесце Божае пры моцным супрацьстая́нні.
2:3Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну;
2:4але паколькі Бог вы́прабаваў нас і даверыў нам дабраве́сце, то мы і гаворым, дагаджаючы не людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
2:5Бо ніколі не было ў нас ні слоў ліслíвасці, як вы ведаеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог сведка! —
2:6і не шукаем людской славы ні ад вас, ні ад іншых:
2:7мы маглі паказаць сваю вагу́ як Апосталы Хрыстовы, але былí лагоднымі сярод вас, як кармíцелька, што пе́сціць сваіх дзяцей.
2:8Так мы, у шчырым памкне́нні да вас, жадаем перадаць вам не толькі дабравесце Божае, але і душы нашы, бо вы сталі для нас узлю́бленымі.
2:9Вы ж па́мятаеце, браты, цяжкую працу нашу і намага́нні: бо ўночы і ўдзень мы працавалі, каб не абцяжарыць каго з вас, і прапаведавалі вам дабравесце Божае.
2:10Вы і Бог — сведкі таго, як свята, і праведна, і бездакорна ставіліся мы да вас, веруючых,
2:11бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, падобна як бацька дзяцей сваіх,
2:12прасілі, і заахвочвалі, і пераконвалі, каб выпаводзілі сябе дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
2:13Таму мы і дзякуем Богу пастаянна за тое, што, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, вы ўспрынялí яго не як слова чалавечае, але як слова Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзейнічае ў вас, веруючых.
2:14Бо вы, браты, сталі пераймальнікамі цэркваў Божых у Хрысце Іісусе, тых, што ў Іудзеі, бо вы перацярпелі ад сваіх супляме́ннікаў тое самае, што і яны ад Іудзеяў,
2:15якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго прарокаў, і нас выгналі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім лю́дзям працíвяцца;
2:16яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язычнікам, каб тыя спаслíся, і гэтым памнажаюць грахі свае заўсёды; але гнеў насцíгнуў іх урэшце.
2:17Мы ж, браты, асірацелі без вас, разлу́чаныя на нейкі час знешне, але не ў сэрцы, з яшчэ большым жаданнем імкнуліся ўбачыць аблічча ваша.
2:18Таму мы хацелі прыйсці да вас, а я, Павел, — дык і раз, і другі, але перашкодзіў нам сатана.
2:19Бо хто наша надзея ці радасць, ці вянок пахвалы́? Хіба́ ж і не вы, перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго́
2:20Бо вы — слава наша і радасць.