Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 6

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 6
6:1І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, праходзіць пасевамі, і вучні Яго зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
6:2Некаторыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазволена рабіць па суботах?
6:3І сказаў ім Іісус у адказ: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
6:4як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы выстаўлення, якіх не дазволена было есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былі.
6:5І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
6:6Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучыць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая.
6:7Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацаліць Ён у суботу, каб знайсці абвінавачанне супраць Яго.
6:8Але Ён ведаў помыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: падыміся і стань пасярэдзіне. І той, падняўшыся, стаў.
6:9Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу ўратаваць ці загубіць? Яны ж маўчалі.
6:10І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягні руку тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.
6:11Яны ж перапоўніліся шаленствам і гаварылі між сабою, што ім рабіць з Іісусам.
6:12І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
6:13А калі настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
6:14Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламея,
6:15Матфея і Фаму, Іакава Алфеевага і Сімана, называнага Зілотам,
6:16Іуду Іакавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прадажнікам.
6:17І, спусціўшыся з імі, стаў Ён на роўным месцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэжжа Тырскага і Сідонскага,
6:18што прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад духаў нячыстых; і ацаляліся.
6:19І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаляла ўсіх.
6:20І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэнныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.
6:21Блажэнныя галодныя цяпер, бо насыціцеся. Блажэнныя, хто плача цяпер, бо засмеяцеся.
6:22Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і зганьбяць, і выкінуць імя ваша як зло, за Сына Чалавечага.
6:23Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесяліцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі іх.
6:24Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце ўцеху вашу.
6:25Гора вам, перасычаныя цяпер, бо голад зазнаеце. Гора вам, хто смяецца цяпер, бо засмуткуеце і заплачаце.
6:26Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх.
6:27А вам, хто слухае, кажу: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас,
6:28благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас.
6:29Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і сарочку.
6:30Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.
6:31І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
6:32А калі вы любіце тых, што любяць вас, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
6:33І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі тое самае робяць.
6:34І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам за гэта падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж.
6:35Але вы любіце ворагаў вашых, і дабро рабіце, і пазычайце, ні на што не спадзеючыся; і будзе ўзнагарода ваша вялікай, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
6:36Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
6:37Не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і не будзеце асуджаны; прабачайце і вам прабачаць;
6:38давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, шчыльна накладзеную, утрэсеную, перапоўненую дадуць вам у прыпол; бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
6:39Сказаў ім таксама прытчу: хіба можа сляпы сляпога вадзіць? ці не абодва ў яму ўпадуць?
6:40Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удасканаліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.
6:41Што ж ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
6:42Альбо, як можаш казаць брату твайму: браце, дай, я выму парушынку з вока твайго, — калі сам бервяна ў воку тваім не бачыш. Крывадушнік, вымі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6:43Бо няма добрага дрэва, якое б радзіла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзіла добры плод.
6:44Бо ўсякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярноўніку не здымаюць вінаграду.
6:45Добры чалавек з добрай скарбніцы сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
6:46Што ж клічаце Мяне: «Госпадзі, Госпадзі!», а не робіце таго, што Я кажу?
6:47Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, пакажу вам, да каго падобны.
6:48Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, капаў і паглыбіўся і заклаў падмурак на камені; калі ж здарылася разводдзе, нахлынула рака на дом той і не змагла пахіснуць яго, бо ён быў закладзены на камені.
6:49А хто пачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка; калі ж нахлынула на яго рака, адразу ён абваліўся і было разбурэнне дома таго вялікае.