Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 22

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 22
22:1Набліжалася свята праснакоў, што называецца Пасхаю;
22:2і шукалі першасвятары і кніжнікі, як забіць Яго, бо яны баяліся народу.
22:3Увайшоў жа сатана ў Іуду, званага Іскарыётам, аднаго з ліку дванаццаці,
22:4і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як ён ім выдасць Яго.
22:5І яны ўзрадаваліся і пагадзіліся даць яму срэбранікаў;
22:6і ён абяцаў і шукаў нагоды выдаць Яго ім не пры народзе.
22:7Надышоў жа дзень праснакоў, у які належала прыносіць пасхальную ахвяру;
22:8і паслаў Ён Пятра і Іаана, сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам есці пасху.
22:9Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
22:10Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, то сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён увойдзе,
22:11і скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?»
22:12І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усланы; там прыгатуйце.
22:13Яны пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
22:14І, калі надышоў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім,
22:15і сказаў ім: вельмі жадаў Я гэтую пасху есці з вамі, перш чым мукі прыму,
22:16бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым.
22:17І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і сказаў: прыміце яе і падзяліце між сабою,
22:18бо кажу вам, што не буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль не прыйдзе Царства Божае.
22:19І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламіў і даў ім, кажучы: гэта цела Маё, якое за вас аддаецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
22:20Таксама і чашу пасля вячэры, кажучы: гэтая чаша — Новы Запавет у Маёй крыві, якая за вас праліваецца.
22:21Але вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом;
22:22і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае.
22:23І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б гэта з іх быў, што зробіць такое?
22:24Была ж і спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
22:25А Ён сказаў ім: цары народаў пануюць над імі, і ўладары іх дабрадзеямі называюцца;
22:26вы ж не так: але большы сярод вас, няхай будзе як меншы, а начальнік — як слуга.
22:27Бо хто большы: той, хто ўзляжыць, ці той, хто прыслужвае? Хіба не той, хто ўзляжыць? А Я пасярод вас як той, хто прыслужвае.
22:28Вы ж ператрывалі са Мною ў выпрабаваннях Маіх,
22:29і Я завяшчаю вам, як завяшчаў Мне Айцец Мой, Царства,
22:30каб вы елі і пілі за трапезаю Маёю ў Царстве Маім, і будзеце сядзець на прастолах і судзіць дванаццаць кален Ізраілевых.
22:31І сказаў Гасподзь: Сімане! Сімане! вось, сатана прасіў, каб прасеяць вас, як пшаніцу;
22:32але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая; і ты некалі, вярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
22:33Ён жа сказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатовы і ў цямніцу, і на смерць ісці.
22:34А Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не прапяе сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.
22:35І сказаў ім: калі Я пасылаў вас без мяшка і без торбы, і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны ж адказалі: ні ў чым.
22:36Сказаў жа ім: але цяпер хто мае мяшок, няхай возьме яго, гэтаксама і торбу; а хто не мае, няхай прадасць вопратку сваю і купіць меч;
22:37бо кажу вам, што павінна яшчэ споўніцца на Мне гэта напісанае: «і да злачынцаў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, набліжаецца да канца.
22:38Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы. Ён сказаў ім: даволі.
22:39І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Елеонскую; і следам за Ім пайшлі вучні Яго.
22:40Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
22:41І Сам адступіў ад іх на адлегласць кінутага каменя, і, стаўшы на калені, маліўся,
22:42кажучы: Ойча! калі хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне! аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.
22:43Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацоўваў Яго.
22:44І Ён, перажываючы ўнутраную барацьбу, старанней маліўся; і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
22:45І, устаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў, Ён знайшоў, што яны спяць ад смутку,
22:46і сказаў ім: што спіце? устаньце і маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
22:47Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп, і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў паперадзе, і ён наблізіўся да Іісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.
22:48Іісус жа сказаў яму: Іуда! пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?
22:49Тыя, што былі з Ім, бачачы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзі! ці не ўдарыць нам мячом?
22:50І адзін з іх ударыў першасвятаровага раба і адсек яму правае вуха.
22:51На гэта Іісус сказаў: пакіньце, хопіць. І, дакрануўшыся да вуха яго, ацаліў яго.
22:52Сказаў жа Іісус першасвятарам, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам, якія сабраліся супраць Яго: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
22:53штодня бываў Я з вамі ў храме, і вы не паднялі рук на Мяне; але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры.
22:54І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётр жа ішоў следам здалёку.
22:55Калі ж яны расклалі агонь пасярод двара і селі разам, сядзеў і Пётр паміж імі.
22:56І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзеў пры агні, і прыгледзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.
22:57Але ён адрокся ад Яго, кажучы: жанчына, я не ведаю Яго.
22:58І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: чалавеча, не.
22:59І, як прайшло каля адной гадзіны, нехта іншы настойваў, кажучы: сапраўды і гэты з Ім быў, бо ён Галілеянін.
22:60Але Пётр сказаў: чалавеча, я не ведаю, што ты гаворыш. І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
22:61І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзеў на Пятра; і ўспомніў Пётр слова Гасподняе, як Ён сказаў яму: перш чым заспявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
22:62І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
22:63А людзі, якія трымалі Іісуса, насміхаліся з Яго і білі;
22:64і, накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?
22:65І многа іншых хуленняў гаварылі супраць Яго.
22:66І калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа і першасвятары, і кніжнікі, і прывялі Яго ў сінедрыён свой
22:67і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паверыце;
22:68а калі і спытаюся ў вас, не адкажаце Мне і не адпусціце;
22:69адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
22:70І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.
22:71Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэба сведчанне? мы ж самі чулі з вуснаў Яго!