Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 20

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 20
20:1Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
20:2І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
20:3І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,
20:4і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
20:5Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
20:6А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы?
20:7Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
20:8А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
20:9І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыі.
20:10Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынарыі.
20:11І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
20:12і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанеслі цягату дня і спёку.
20:13А ён у адказ сказаў аднаму з іх: дружа! я не крыўджу цябе; ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною?
20:14вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
20:15хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры?
20:16Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
20:17І, узыходзячы ў Іерусалім, Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:
20:18вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць;
20:19і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне і біццё і ўкрыжаванне; і на трэці дзень уваскрэсне.
20:20Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго.
20:21Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.
20:22Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца? Яны кажуць Яму: можам.
20:23І кажа ім: чашу Маю будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
20:24Пачуўшы гэта, дзесяцера вучняў абурыліся на двух братоў.
20:25Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы ўладараць над імі.
20:26Але не так няхай будзе паміж вамі; а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою;
20:27і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;
20:28бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
20:29І калі выходзілі яны з Іерыхона, за Ім следам ішло мноства людзей.
20:30І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
20:31А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
20:32Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
20:33Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
20:34Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.