Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 10

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 10
10:1І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
10:2А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія: першы Сіман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Іакаў Зевядзееў і Іаан, брат яго.
10:3Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мытнік, Іакаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем,
10:4Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
10:5Гэтых дванаццаць паслаў Іісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце;
10:6а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
10:7і ходзячы, прапаведуўце, што наблізілася Царства Нябеснае;
10:8хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.
10:9Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10:10ні торбы ў дарогу, ні дзве вопраткі, ні абутку, ні посаха. Бо хто працуе, той варты пракорму.
10:11У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
10:12а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;
10:13і калі дом будзе годны, дык сыдзе мір ваш на яго; калі ж не будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
10:14А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых;
10:15праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
10:16Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы.
10:17Сцеражыцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас на судзілішчы і ў сінагогах сваіх біць будуць вас,
10:18і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне, на сведчанне перад імі і язычнікамі.
10:19Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
10:20бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
10:21І выдасць брат брата на смерть, і бацька — дзіця; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;
10:22і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
10:23Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, Бо праўду кажу вам: не паспееце абысці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
10:24Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
10:25Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі вельзевулам, дык ці не тым болей дамашніх яго?
10:26Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і таемнага, што не было б уведана.
10:27Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
10:28І не бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць не могуць; а бойцеся болей таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
10:29Ці ж не два вараб’і прадаюцца за асарый? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага;
10:30а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
10:31дык не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
10:32Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах;
10:33а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.
10:34Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прынесці, а меч;
10:35бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са свякрухай яе.
10:36І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
10:37Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне;
10:38і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне.
10:39Хто зберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зберажэ яе.
10:40Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
10:41хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокаву атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікаву атрымае.
10:42І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.