Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 22

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 22
22:1І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
22:2падобнае Царства Нябеснае на чалавека – цара, які справіў вяселле сыну свайму
22:3і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле; і не хацелі прыйсці.
22:4Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажыце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле».
22:5Але яны, не даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
22:6Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зняважылі і забілі іх.
22:7І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
22:8Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запрошаныя не былі вартыя.
22:9Дык вось, ідзіце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
22:10І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
22:11Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
22:12і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
22:13Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
22:14бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
22:15Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.
22:16І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму – небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
22:17дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
22:18Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
22:19пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынеслі Яму дынарый.
22:20І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
22:21І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22:22Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
22:23У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталіся ў Яго:
22:24Настаўнік! Маісей сказаў: «калі хто памрэ, не маючы дзяцей, няхай возьме брат яго жонку яго і адродзіць семя брату свайму».
22:25Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;
22:26гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;
22:27а пасля ўсіх памерла і жонка.
22:28Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку, бо ўсе мелі яе.
22:29Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
22:30бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
22:31А пра ўваскрэсенне мёртвых ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
22:32« Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава»? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
22:33І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
22:34А фарысеі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне, сабраліся разам.
22:35І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы:
22:36Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
22:37Іісус жа сказаў яму: «узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім».
22:38гэта найбольшая і першая запаведзь;
22:39а другая падобная да яе: «узлюбі блізкага твайго, як самога сябе»;
22:40на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
22:41Калі ж сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Іісус:
22:42што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
22:43Кажа ім: як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе, калі кажа:
22:44«Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
22:45Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
22:46І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.