Священное Писание

Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,
5:2бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.
5:3Бо калі будуць казаць: “мір і бяспека”, тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.
5:4Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;
5:5бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.
5:6Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.
5:7Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.
5:8Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,
5:9таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
5:10Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.
5:11Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.
5:12Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,
5:13і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.
5:14Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.
5:15Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.
5:16Заўсёды радуйцеся.
5:17Няспы́нна маліцеся.
5:18За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.
5:19Духа не гасíце.
5:20Прароцтвамі не пагарджа́йце.
5:21Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.
5:22Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.
5:23Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.
5:24Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.
5:25Браты! маліцеся за нас.
5:26Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.
5:27Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.
5:28Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.