Священное Писание

Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел, раб Божы і Апостал Іісуса Хрыста дзе́ля веры абра́ных Божых і спазнання ісціны, якая прыводзіць да набожнасці,
1:2у надзеі на жыццё вечнае, якое паабяца́ў праўдзівы ў слове Бог раней часоў адвечных,
1:3а ў належны час явіў слова Сваё ў пропаведзі, даверанай мне па загаду Спасіцеля нашага, Бога, —
1:4Ціту, сапраўднаму сыну па супольнай веры: благадаць, міласць і мір ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага.
1:5Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты недакончанае завяршыў і паставіў па ўсіх гарадах прасвітараў, як я табе наказваў:
1:6калі хто беззаганны, адной жонкі муж, дзяцей ма́е веруючых, якіх нельга абвінаваціць у распусце або непакорлівасці.
1:7Бо епіскап павінен быць беззаганны як Божы домаўпраўнік, не сваявольны, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы,
1:8а гасцінны, дабралюбівы, разва́жлівы, справядлівы, набожны, стры́маны,
1:9павінен трымацца правільнага слова, адпаведнага вучэнню, каб ён быў здольны і настаўляць у здаровым вучэнні, і выкрываць тых, хто працівіцца.
1:10Бо ёсць шмат і непакорлівых, пустасловаў і падманшчыкаў, асабліва з абрэзаных,
1:11якіх трэба прымусіць замаўчаць: яны разбура́юць цэлыя сем’і, навучаючы дзеля гане́бнай кары́слівасці таму, чаму не належыць вучы́ць.
1:12Сказаў жа нехта з іх, іх уласны вяшчун: “Крыця́не заўсёды лгуны, злыя звяры, пражэ́рлівыя гультаі”.
1:13Сведчанне гэтае праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровымі ў веры,
1:14каб не зважа́лі на Іудзейскія байкі і ўстанаўленні людзей, якія адварочваюцца ад ісціны.
1:15Для чыстых усё чыстае, для апаганеных жа і няверных няма нічога чыстага, бо апаганены і розум іх, і сумленне.
1:16Яны сцвярджаюць, што знаюць Бога; а справамі сваімі адракаюцца, бу́дучы агíднымі і непакорлівымі і ні на якую добрую справу нязда́тнымі.