Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 14

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 14
14:1У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Іісуса,
14:2і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
14:3Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямніцу з – за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
14:4таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
14:5І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
14:6А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;
14:7таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.
14:8А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля.
14:9І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй,
14:10і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.
14:11І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.
14:12А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго; і пайшлі, абвясцілі Іісусу.
14:13І пачуўшы, адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.
14:14І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.
14:15Калі ж звечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясціна, і час ужо позні; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.
14:16Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці; вы дайце ім есці.
14:17Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
14:18Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.
14:19І загадаў народу ўзлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёў вочы ў неба, благаславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні — народу.
14:20І елі ўсе, і насыціліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;
14:21а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.
14:22І адразу прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусціць людзей.
14:23І адпусціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам – насам памаліцца; і калі звечарэла, заставаўся там адзін.
14:24А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
14:25А ў чацвёртую варту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры.
14:26І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.
14:27Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: узбадзёрцеся; гэта Я, не бойцеся.
14:28Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.
14:29А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Іісуса;
14:30але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
14:31Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
14:32І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
14:33А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.
14:34І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
14:35І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны паслалі ва ўсё наваколле тое і прынеслі да Яго ўсіх хворых,
14:36і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.