Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 12

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 12
12:1Таму і мы, вакол сябе маючы такое вялікае воблака све́дкаў, скінем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярпліва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам подзвіг,
12:2гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які, замест той радасці, якая была перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў праваруч прастола Божага.
12:3Так што думайце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэшнікаў такую да Сябе варожасць, каб вы не знемаглí і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.
12:4Вы яшчэ не да крыві змагаліся ў супрацьстая́нні граху́
12:5і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыноў зве́рнута: “сыне мой! не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.
12:6Бо Гасподзь, каго любіць, таго карае, і б’е кожнага сына, якога прымае”.
12:7Калі вы церпице́ пакаранне, то Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не караў бацька?
12:8Калі ж застаяце́ся без пакарання, якому падляга́юць ўсе, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.
12:9Прытым, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанавалі іх, то хіба́ ж не намнога больш мы павінны быць пакорнымі Айцу духаў, каб жыць?
12:10Бо яны каралі нас паводле свайго разумення на нямногія дні; а Ён — на карысць нам, каб мы сталі супольнікамі святасці Яго.
12:11Усякае пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам, але пазней тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае мірны плод праведнасці.
12:12Таму ўмацу́йце апу́шчаныя рукі і аслабе́лыя калені
12:13і прамыя сцежкі рабіце нагам вашым, каб кульгавае не вывіхнулася, а лепш ацалілася.
12:14Імкнíцеся да міру з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Госпада;
12:15будзьце пільнымі, каб хто не страціў благадаці Божай; каб які горкі корань, выраста́ючы, не нарабіў шкоды і каб праз яго не апаганіліся многія;
12:16каб не было сярод вас такога блудніка́ альбо бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў першародства сваё.
12:17Бо вы ведаеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславенне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшоў  магчымасці перамяніць рашэнне бацькі, хоць і шукаў гэтага са слязьмі.
12:18Вы ж наблізіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, не да агню палаючага, і змроку, і цемры, і буры,
12:19не да трубнага гуку і гучання слоў, пачуўшы якія, усе прасілі, каб нічога больш да іх не прамаўлялася,
12:20бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: “нават калі звер дакранецца да гары, ён будзе пабіты камянямі (альбо працяты стралою);
12:21і такім страшным было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: “я ў страху і трымценні”.
12:22А наблізіліся вы да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Іерусаліма і да незлічонага мноства ангелаў,
12:23да ўрачыстага сабору і Царквы першынцаў, запісаных на нябёсах, і да Суддзі ўсіх — Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці,
12:24і да Пасрэдніка новага запавету — Іісуса, і да Крыві акрапле́ння, якая прамаўляе лепш, чым Авелева.
12:25Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць. Бо калі не пазбеглі пакарання тыя, што адмовіліся слухаць таго, хто прамаўляў на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўляе з нябёс,
12:26Таго, Чый голас тады пахіснуў зямлю, і Хто цяпер паабяцаў, кажучы: “яшчэ раз пахісну́ не толькі зямлю, але і неба”.
12:27А словы “яшчэ раз” азначаюць перамяне́нне таго, што будзе пахíснута, як створанае, каб засталося непахіснае.
12:28Дык вось, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць благадаць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадобы, з набо́жнасцю і страхам,
12:29таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.