Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 16

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 16
16:1А што датычыць збору ахвяраванняў для святых, рабіце так, як устанавіў я ў Цэрквах Галатыйскіх:
16:2у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае і зберагае столькі, колькі дазволіць  яго дастатак, каб не збіраць ахвяраванняў тады, калі я прыйду.
16:3Калі ж прыбуду, то тых, каго вы палíчыце годнымі, я з пісьмамі адпраўлю, каб занесці ваш дар у Іерусалім.
16:4А калі варта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.
16:5Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.
16:6У вас жа, магчыма, затрымаюся, а то і перазімую, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.
16:7Бо я не хачу з вамі цяпер бачыцца мімаходзь, а спадзяюся застацца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.
16:8У Эфесе ж я застану́ся да Пяцідзесятніцы;
16:9бо перада мною адчынены вялікія дзверы для дзейнасці, ды праціўнікаў многа.
16:10Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспецы быў ён у вас, таму што ён робіць cправу Гасподнюю, як і я;
16:11дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
16:12А што датычыць брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жадаў ісці цяпер, а прыйдзе, калі будзе мець нагоду.
16:13Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся;
16:14усё ў вас няхай будзе з любоўю.
16:15Прашу вас, браты, — вы ведаеце сямейства Сцяфана, што яно стала пе́ршынцам Ахаіі і яны прысвяцілі сябе служэнню святым, —
16:16каб і вы падпарадкоўваліся такім, і кожнаму, хто дапамагае і працуе.
16:17Я рады прыбыццю́ Сцяфана, Фартуната і Ахаіка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсутнасць,
16:18бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.
16:19Вітаюць вас Цэрквы Асійскія; вітаюць вас у Госпадзе шчыра Акіла і Прыскіла з іх дамашняю Царквою.
16:20Вітаюць вас усе браты. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.
16:21Вітанне рукою маёю, Паўлаваю.
16:22Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста, ана́фема, мара́н – афа́.
16:23Благадаць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,
16:24і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.