Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 7

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 7
7:1І сказаў першасвята́р: ці так гэта?
7:2Ён жа сказаў: мужы́ браты́ і айцы́! паслу́хайце. Бог сла́вы явíўся айцу нашаму Аўраа́му, калі ён быў у Месапата́міі, перад тым як пасяліўся ў Харра́не,
7:3і сказаў яму: вы́йдзі з зямлі тваёй, і з раднí тваёй, і з до́му бацькі твайго, ды ідзі ў зямлю́, якую Я пакажу́ табе.
7:4Тады, вы́йшаўшы з зямлі Халдзе́йскай, ён пасяліўся ў Харра́не; і адтуль, пасля смерці ба́цькі яго, Бог перасялíў яго ў гэтую зямлю́, у якой вы цяпер жывяце́,
7:5і не даў яму спа́дчыны ў ёй ні на ступню́ нагі; але абяцаў даць яе ў вало́данне яму і патомству ягонаму пасля яго, хоць ён не меў тады дзіця́ці.
7:6I казаў так Бог, што нашча́дкі яго будуць перасяле́нцамі ў зямлі чужой, і заняво́ляць іх, і будуць прыгнята́ць гадоў чаты́рыста.
7:7Але народ, якому яны будуць падняво́льнымі, буду судзíць Я,  – сказаў Бог, – і  пасля таго яны вы́йдуць і будуць служы́ць Мне на гэтым месцы.
7:8I даў яму запаве́т абрэ́зання. I так нарадзíў ён Ісаа́ка і абрэ́заў яго ў во́сьмы дзень; а Ісаа́к – Іа́кава, а Іа́каў – двана́ццаць патрыя́рхаў.
7:9І патрыя́рхі, пазайздро́сціўшы Іосіфу, прадалí яго ў Егіпет; але Бог быў з ім
7:10і зба́віў яго ад усіх бед яго, і даў му́драсць яму́ і прыхíльнасць фараона, цара́ Егіпецкага; і той паста́віў яго нача́льнікам над Егіптам і над усім до́мам сваім.
7:11I прыйшоў голад на ўсю зямлю́ Егіпецкую і Ханаа́нскую, і го́ра вялікае, і не знахо́дзілі е́жы айцы́ нашы.
7:12Іакаў жа, пачуўшы, што ёсць збо́жжа ў Егіпце, паслаў туды айцоў нашых першы раз;
7:13а на другі раз пазна́ны быў Іосіф брата́мі сваімі, і стаў вядомы фарао́ну род Іосіфа.
7:14Іосіф жа, пасла́ўшы, паклíкаў ба́цьку свайго Іакава і ўсю радню́ сваю, се́мдзесят пяць душ.
7:15І перайшоў Іакаў у Егіпет, і памёр сам і айцы нашы;
7:16і перане́сены былí яны ў Сіхе́м, і пакла́дзены былí ў грабнíцу, якую купіў Аўраа́м за серабро́ ў сыно́ў Еммо́ра Сіхе́мавага.
7:17Калі ж набліжа́ўся час здзе́йсніцца абяца́нню, якое Бог з кля́тваю даў Аўраа́му, узраста́ў народ і памнажа́ўся ў Егіпце
7:18да таго часу, як паўста́ў іншы цар, які не ве́даў Іосіфа;
7:19ён, ужыва́ючы хітрасць су́праць ро́ду нашага, чынíў зло айцам нашым, прымуша́ючы выкіда́ць немаўля́т, каб яны не застава́ліся жывы́мі.
7:20У той час нарадзіўся Маісей, і быў ён мíлы Богу; яго гадава́лі тры месяцы ў доме ба́цькі яго;
7:21а калі ён быў вы́кінуты, узяла́ яго дачка́ фараона і вы́гадавала яго як свайго сы́на;
7:22і наву́чаны быў Маісей усёй мудрасці Егіпецкай, і быў моцны ў сло́вах і справах.
7:23Калі ж спо́ўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэ́рца праве́даць братоў сваіх, сыно́ў Ізра́ілевых;
7:24і, уба́чыўшы, што аднаго з іх кры́ўдзяць, ён заступíўся і адпо́мсціў за пакры́ўджанага, забіўшы Егіпця́ніна.
7:25Ён думаў, што зразуме́юць браты́ яго, што Бог руко́ю яго дае́ ім выратава́нне; але яны не зразуме́лі.
7:26На насту́пны  дзень ён з'явіўся памíж імі, калі яны біліся, і схіля́ў іх да міру, ка́жучы: мужы́, вы ж – браты́! навошта кры́ўдзіце адзін аднаго́?
7:27Але той, што кры́ўдзіў бліжняга, адштурхну́ў яго, ка́жучы: хто цябе паста́віў  нача́льнікам і суддзёю над намі?
7:28ці не хочаш ты забіць мяне, як забіў учо́ра Егіпця́ніна?
7:29I ўцёк Маісей з – за слоў гэтых, і стаў перасяле́нцам у зямлі Мадыя́мскай, дзе нарадзíў двух сыноў.
7:30Калі ж міну́ла сорак гадоў, явіўся яму ў пусты́ні каля гары Сіна́й Ангел Гасподні ў по́лымі, якім гарэ́ў цярновы куст.
7:31Маісей жа, уба́чыўшы, дзівíўся відзе́нню; а калі падыхо́дзіў ён, каб разгле́дзець, прагучаў голас Госпада да яго:
7:32Я – Бог айцоў тваіх, Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава. Затрымце́ў Маісей і не смеў угляда́цца.
7:33Сказаў жа яму Гасподзь: здымí абу́так з ног тваіх, бо ме́сца, на якім ты стаіш, гэта зямля свята́я;
7:34ба́чыў Я, ба́чыў прыгнёт народа Майго, які ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і сышоў, каб вы́зваліць іх; і цяпер ідзі сюды́, Я пашлю́ цябе ў Егіпет.
7:35Гэтага Маісея, якога яны адве́рглі, сказаўшы: хто паста́віў цябе нача́льнікам і суддзёю́ – яго Бог як нача́льніка і збавíцеля пасла́ў руко́ю Ангела, які явіўся яму ў цярно́вым кусце́;
7:36ён вы́веў іх, тво́рачы цу́ды і знаме́нні ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пусты́ні на праця́гу сарака́ гадоў.
7:37Гэта той Маісей, што сказаў сына́м Ізра́ілевым: Прарока ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце.
7:38Гэта той, што быў у пусты́ні ў супо́льнасці з Ангелам, які гаварыў яму на гары́ Сінай, і з айцамі нашымі; той, што прыня́ў сло́вы жывы́я, каб перада́ць нам;
7:39той, якому не захаце́лі быць паслухмя́нымі айцы нашы, а адве́рглі яго і звярну́ліся сэ́рцамі сваімі да Егіпта,
7:40сказаўшы Ааро́ну: зрабі нам багоў, якія по́йдуць папе́радзе нас, бо Маісей гэты, які вы́веў нас з зямлі Егіпецкай, – не ведаем, што ста́лася з ім.
7:41І зрабілі цяльца́ ў тыя дні, і прыне́слі ахвя́ру ідалу, і ра́даваліся стварэ́нню рук сваіх.
7:42Бог жа адвярну́ўся і адда́ў іх служы́ць во́інству нябе́снаму, як напíсана ў кнізе прарокаў: до́ме Ізра́ілеў! ці прыно́сілі вы Мне закла́нні і ахвяры на праця́гу сарака́ гадоў у пусты́ні?
7:43вы прынялí скінію Мало́хаву і зорку бога вашага Рэмфа́на – выя́вы, якія вы зрабілі, каб пакланя́цца ім; і Я перасялю́ вас дале́й за Вавілон.
7:44Скінія све́дчання была́ ў айцоў нашых у пусты́ні, як загада́ў Той, Хто казаў Маісею зрабіць яе паво́дле ўзо́ру, які ён уба́чыў;
7:45яе і ўне́слі, атрыма́ўшы, айцы нашы з Іісусам ва ўлада́нні народаў, вы́гнаных Богам ад аблíчча айцоў нашых; так было́ да дзён Давіда,
7:46які знайшоў благада́ць перад Богам і маліўся аб тым, каб яму знайсці жыллё для Бога Іа́кавага.
7:47Саламон жа пабудава́ў Яму́ дом.
7:48Але Усявы́шні не ў рукатво́рных хра́мах жыве́, як кажа прарок:
7:49«неба – прасто́л Мой, а зямля – падно́жжа ног Маіх; які ж дом пабуду́еце Мне, – ка́жа Гасподзь, – ці якое ме́сца для спачы́ну Майго?
7:50хіба́ не Мая́ рука́ ствары́ла ўсё гэта?»
7:51Цвёрдашы́ія і неабрэ́заныя сэ́рцам і вуша́мі! вы заўсёды Ду́ху Свято́му працíвіцеся, як бацькí вашы, так і вы;
7:52каго з прарокаў не гна́лі бацькí вашы́ яны пазабіва́лі прадве́снікаў прышэ́сця Пра́ведніка, здра́днікамі і забойцамі Якога цяпер сталі вы;
7:53вы, якія прынялí закон праз настаўле́нні Ангелаў, ды не захава́лі яго.
7:54Чу́ючы гэта, яны раз'ю́шыліся ў сэ́рцах сваіх і скрыгата́лі зуба́мі на яго.
7:55Сцяфан жа, напо́ўнены Ду́хам Святы́м, угле́дзеўшыся ў неба, уба́чыў сла́ву Божую і Іісуса, Які стаіць правару́ч Бога,
7:56і сказаў: вось, бачу я нябёсы раскры́тыя і Сына Чалавечага, Які стаіць правару́ч Бога.
7:57Яны ж, закрыча́ўшы моцным го́ласам, пазатыка́лі ву́шы свае і ўсе разам накíнуліся на яго,
7:58і, вы́веўшы з горада, каме́ннем білі яго; а све́дкі пакла́лі адзе́нне сваё каля ног юнака́, якога зва́лі Саўл;
7:59і білі каме́ннем Сцяфана, які маліўся і казаў: Госпадзі Іісусе! прымí дух мой.
7:60I, стаўшы на калені, ён усклíкнуў моцным голасам: Госпадзі! не залічы́ ім граху́ гэтага. I, сказаўшы гэта, памёр.