Священное Писание

Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся начальству і ўладам, каб былі пакорлівымі і гатовымі да ўсякай добрай справы,
3:2каб нікога не зневажа́лі, не былі сварлівымі, былі зычлівымі, заўжды праяўлялі лагоднасць да ўсіх людзей.
3:3Бо і мы калісьці былі неразумнымі, непакорлівымі, аблу́днымі, былí рабамі пажаднасцей і розных задавальне́нняў, жылі ў злобе і за́йздрасці, былí агіднымі, ненавідзелі адно аднаго.
3:4Калі ж я́ўлена была благадаць і чалавекалюбства Спасіцеля нашага, Бога,
3:5то не за справы праведныя, якія мы здзейснілі, а па Сваёй міласці Ён спас нас праз купель новага нараджэння і абнаўлення Духам Святым,
3:6Якога выліў на нас шчодра праз Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага,
3:7каб, апраўда́ныя Яго благадаццю, мы, як спадзяёмся, сталі спадкаемцамі жыцця вечнага.
3:8Вартае веры слова гэтае; і я жадаю, каб ты ў гэтым пераконваў тых, хто ўвераваў у Бога, каб яны намагаліся быць першымі ў добрых справах: гэта добра і карысна для людзей.
3:9Ад неразумных жа пошукаў, спрэчак пра радаслоўі, і сварак, і змаганняў законніцкіх ухіляйся, бо яны непатрэбныя і марныя.
3:10Чалавека – ератыка, пасля аднаго і другога папярэджання, пазбягай,
3:11ведаючы, што сапсаваны ён і грашыць, тым самым асуджаючы сябе самога.
3:12Калі прышлю да цябе Арцему або Ціхіка, паспяшайся прыйсці да мяне ў Нікапаль, бо я вырашыў там перазімаваць.
3:13Зіну – законніка і Апалоса пастарайся сабраць у дарогу так, каб у іх ні ў чым не было недахопу.
3:14Няхай і нашы вучацца быць першымі ў добрых справах для задавальнення пільных патрэб, каб не быць бясплоднымі.
3:15Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Благадаць з усімі вамі. Амінь.