Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 11

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 11
11:1Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.
11:2Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пада́нні так, як я перадаў вам.
11:3Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужчыну галава Хрыстос, а жанчыне галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
11:4Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву;
11:5і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, як бы яна была паголена;
11:6бо калі жанчына не пакрываецца, то няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна быць астрыжанай альбо паголенай, то няхай пакрываецца.
11:7Дык вось, мужчына не павінен пакрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Божая; а жанчына — слава мужа.
11:8Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
11:9і не мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны.
11:10Таму жанчына і павінна мець на галаве знак улады над ёю, для Ангелаў.
11:11Зрэшты, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны, у Госпадзе.
11:12Бо як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.
11:13Судзíце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з непакрытаю галавою?
11:14І хіба́ не сама прырода ву́чыць вас, што калі мужчына адпускае доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго,
11:15а калі жанчына адпускае доўгія валасы, то гэта слава для яе, бо валасы да́дзены ёй замест пакрывала?
11:16А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы такога звычаю не маем, ні Цэрквы Божыя.
11:17Але, даючы́ гэтыя настаўле́нні, я не хвалю вас за тое, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.
11:18Бо, па – першае, чую, што, калі вы збіраецеся разам як Царква, то паміж вамі бываюць падзелы, і гэтаму часткова я веру.
11:19Бо павінна быць і разнамы́снасць паміж вамі, каб вы́явіліся сярод вас дасве́дчаныя.
11:20Дык вось, калі вы і збіраецеся разам, то гэта не значыць, што вы спажыва́еце вячэру Гасподнюю;
11:21бо кожны хутчэй бярэ і есць сваю ўласную вячэру, і тады адзін застае́цца галодным, а другі ўпіваецца.
11:22Хіба́ ў вас няма дамоў, каб есці і піць? Альбо хочаце знява́жыць Царкву Божую і прынíзіць тых, хто нічога не ма́е? Што сказаць вам? пахвалíць вас за гэта? Не пахвалю́.
11:23Бо я ад Госпада прыня́ў тое, што і вам перадаў: што Гасподзь Іісус у тую ноч, калі Ён вы́дадзены быў, узяў хлеб
11:24і, узнёсшы падзяку, пераламіў і сказаў: прымíце, ежце, гэта Цела Маё, Якое за вас пераламля́ецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
11:25Таксама і чашу пасля вячэры, і сказаў: гэтая чаша — новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне.
11:26Бо кожны раз, калі вы ясце́ хлеб гэты і п’яце́ чашу гэтую, вы смерць Госпада абвяшчаеце — да таго часу, як Ён прыйдзе.
11:27Дык вось, хто будзе есці хлеб гэты і піць чашу Гасподнюю недастойна, вінаваты будзе перад Целам і Крывёю Гасподнімі.
11:28Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і тады няхай есць ад хлеба гэтага і п’е з чашы гэтай.
11:29Бо хто есць і п’е недастойна, той есць і п’е асуджэ́нне сабе, не разважа́ючы пра Цела Гасподняе.
11:30З – за гэтага многа сярод вас нядужых і хворых, і памірае нямала.
11:31Бо калі б мы судзілі самі сябе, дык не падвярга́ліся б суду.
11:32Але калі падвярга́емся суду, то атрымліваем пакара́нне ад Госпада, каб не быць асу́джанымі са светам.
11:33Таму, браты мае́, збіраючыся разам, каб есці, адзін аднаго чакайце.
11:34Калі ж хто галодны, няхай есць дома, каб збірацца вам разам не на асуджэнне. Астатняе ж уладку́ю, калі прыйду.