Священное Писание

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 2

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 2
2:1Таму мы павінны быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб не адпа́сці.
2:2Бо, калі праз ангелаў прамоўленае слова было́ непару́шным і ўсякае парушэ́нне і непаслушэ́нства вялі да справядлівай адплаты,
2:3то як пазбе́гнем яе мы, не дба́ючы пра такую веліч — спасенне, якое, будучы спачатку абве́шчана Госпадам, ў нас было ўмацавана тымі, хто чуў гэта,
2:4а Бог засведчыў гэта і знаме́ннямі, і цудамі, і рознымі сіламі, і раздава́ннем дароў Духа Святога па волі Сваёй?
2:5Бо не ангелам Бог падпарадкава́ў будучы свет, пра які мы вядзём гаворку;
2:6засве́дчыў жа нехта недзе, кажучы: “што́ ёсць чалавек, што Ты па́мятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты дба́еш пра яго?
2:7Мала ніжэйшым за ангелаў зрабіў Ты яго; славаю і пашанаю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго над справамі рук Тваіх;
2:8усё пакары́ў пад ногі яго”. А калі пакары́ў яму ўсё, то не пакінуў нічога непако́раным яму. Цяпер жа яшчэ не бачым, каб яму ўсё было пако́рана;
2:9але мала ніжэйшым за ангелаў бачым Іісуса, увянча́нага славаю і пашанаю за пакуты смяротныя, каб Ён па благадаці Божай зведаў смерць за ўсіх.
2:10Бо нале́жала, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, Які многіх сыноў прыводзіць да славы, правадыра́ спасення іх зрабіў даскана́лым праз пакуты.
2:11Бо і Той, Хто асвяча́е, і тыя, што асвяча́юцца, усе — ад Адзінага; таму Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
2:12“абвяшчу́ імя́ Тваё брата́м Маім, пасярод царквы буду апяваць Цябе”.
2:13І яшчэ: “Я буду спадзявацца на Яго”. І яшчэ: “вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог”.
2:14А паколькі гэтыя дзеці адзінай плоці і крыві, то і Ён таксама ўспрыняў плоць і кроў, каб смерцю пазба́віць сілы таго, хто ма́е ўладу смерці, гэта значыць дыявала,
2:15і вы́зваліць тых, якія з – за страху смерці ўсё жыццё былі падле́глыя рабству.
2:16Бо не ад ангелаў Ён успрыма́е прыроду, а ўспрымае ад семені Аўраамава.
2:17Таму Ён павінен быў ва ўсім стаць падобным да братоў, каб быць мíласцівым і верным Першасвятаром перад Богам для ўміласціўле́ння за грахі народа.
2:18Бо паколькі Ён прыня́ў пакуты, Сам прайшоўшы праз выпрабава́нні, то можа дапамагчы́ тым, хто ў выпрабава́ннях.