Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 16

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 16
16:1І калі мінула субота, Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
16:2І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
16:3і гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу?
16:4І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены; а быў ён надта вялікі.
16:5І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа, апрануты ў белы ўбор; і жахнуліся.
16:6А ён кажа ім: не жахайцеся. Іісуса шукаеце Назараніна, распятага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
16:7Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
16:8І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапіла трымценне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
16:9А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдаліне, з якой выгнаў быў сем дэманаў.
16:10Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім, якія смуткавалі і плакалі;
16:11і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго, не паверылі.
16:12Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
16:13І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім; але і ім не паверылі.
16:14Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці, калі яны ўзляжалі на вячэры, і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
16:15І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце, прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню.
16:16Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе; а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе.
16:17А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія: імем Маім будуць яны выганяць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
16:18будуць браць змей; а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім; на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя.
16:19І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
16:20А яны, выйшаўшы, прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед. Амінь.