Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 13

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 13
13:1І ў гэты самы час прыйшлі некаторыя і паведамілі Яму пра Галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з ахвярамі іх.
13:2І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце, што гэтыя Галілеяне былі грэшныя больш за ўсіх Галілеян, калі яны так пацярпелі?
13:3Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
13:4Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа Сілаамская і пабіла іх, думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей, якія жывуць у Іерусаліме?
13:5Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
13:6І казаў такую прытчу: нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу; і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
13:7і сказаў вінаградару: вось ужо трэці год я прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; ссячы яе, нашто яна і зямлю марнуе?
13:8Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем,
13:9і можа, яна дасць плод; калі ж не, то налета ссячэш яе.
13:10І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
13:11і вось, была там жанчына, што васемнаццаць гадоў мела духа немачы; і была яна скурчаная і не магла выпрастацца зусім.
13:12Убачыўшы яе, Іісус падазваў і сказаў ёй: жанчына! ты вызвалена ад немачы тваёй.
13:13І ўсклаў на яе рукі; і адразу яна выпрасталася, і славіла Бога.
13:14А старэйшына сінагогі, абурыўшыся, што Іісус ацаліў у суботу, сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць; у тыя і прыходзьце ацаляцца, а не ў дзень суботні.
13:15Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці ж не адвязвае кожны з вас у суботу свайго вала або асла ад ясляў і не вядзе паіць?
13:16а гэтую дачку Аўраамаву, якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звязаў сатана, ці не трэба было вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботні?
13:17І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе праціўнікі Яго, і ўвесь народ радаваўся усім слаўным учынкам Яго.
13:18Ён жа казаў: да чаго падобна Царства Божае, і з чым параўнаю яго?
13:19яно падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім; і яно вырасла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя гняздзіліся ў голлі яго.
13:20Яшчэ сказаў: з чым параўнаю Царства Божае?
13:21яно падобна да закваскі, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
13:22І праходзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і трымаючы шлях у Іерусалім.
13:23І сказаў Яму нехта: Госпадзі, ці мала ёсць тых, якія збаўляюцца? Ён жа сказаў ім:
13:24намагайцеся ўвайсці праз вузкія вароты; бо многія, кажу вам, будуць імкнуцца ўвайсці, і не змогуць.
13:25Калі ўстане гаспадар дома і зачыніць дзверы, то вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.
13:26Тады пачнеце казаць: мы елі перад Табою і пілі, і на вуліцах нашых вучыў Ты.
13:27А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць няпраўду.
13:28Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Аўраама і Ісаака, і Іакава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанымі вон.
13:29І прыйдуць з усходу і захаду і з поўначы і поўдня, і ўзлягуць у Царстве Божым.
13:30І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
13:31У той дзень падышлі некаторыя з фарысеяў і казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць.
13:32І сказаў ім: ідзіце, скажыце гэтаму лісу: вось, Я выганяю дэманаў і ацаленні твару сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу;
13:33аднак належыць Мне сёння і заўтра, і ў наступны дзень хадзіць, бо не можа стацца, каб прарок загінуў па – за Іерусалімам.
13:34Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі!
13:35Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. І кажу вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: «благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»