Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 4

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 4
4:1Kалi ж даведаўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набывае i хрысціць, чым Іаан, —
4:2хоць Сам Іісус не хрысціў, а вучні Яго, —
4:3пакінуў Ён Іудзею i пайшоў зноў у Галілею.
4:4А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
4:5Вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі пад назвай Сiхар, паблізу зямлі, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
4:6і быў там калодзеж Іакава. Іісус, стаміўшыся ад дарогі, сеў ля калодзежа; было каля шостай гадзіны.
4:7Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
4:8Бо вучні Яго адышлі ў горад, каб купіць ежы.
4:9Кажа Яму жанчына Самаранка: як Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранскай? бо Іудзеі ж не маюць зносін з Самаранамі.
4:10У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, i Хто Той, што кажа табе: «дай мне піць», то ты сама прасіла б у Яго, i Ён даў бы табе ваду жывую.
4:11Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі; адкуль жа ў Цябе вада жывая?
4:12хіба Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты калодзеж i сам з яго пiў, i сыны яго, i статак яго?
4:13У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчуваць прагу зноў;
4:14а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасмагне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў жыццё вечнае.
4:15Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець смагі i не прыходзіць сюды чэрпаць.
4:16Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго i прыходзь сюды.
4:17У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
4:18бо пяць мужоў у цябе было, i той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.
4:19Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
4:20айцы нашы на гары гэтай пакланяліся, а вы кажаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе належыць пакланяцца.
4:21Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае час, калі не на гары гэтай i не ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Айцу;
4:22вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне ад Іудзеяў;
4:23але настае час, ды і цяпер ёсць, калі ісцінныя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў духу i ісціне, бо такіх паклоннікаў Айцец і шукае Сабе;
4:24Бог ёсць дух, i тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу i ісціне.
4:25Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Месія, Якога называюць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
4:26Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
4:27У гэты час прыйшлі вучні Яго i здзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўляеш з ёю?
4:28Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа людзям:
4:29ідзіце і пабачце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?
4:30Яны выйшлі з горада i пайшлі да Яго.
4:31Між тым прасілі Яго вучні, кажучы: Раввi! еш.
4:32Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
4:33Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба нехта прынёс Яму есці?
4:34Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсняць волю Таго, Хто паслаў Мяне i завяршыць справу Яго.
4:35Ці не кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, i настане жніво? Дык вось, кажу вам: узвядзіце вочы вашы i паглядзіце на нівы, як яны ўжо пабялелі для жніва;
4:36і хто жне, той атрымлівае ўзнагароду i збірае плён у жыццё вечнае, каб i той, хто сее, i той, хто жне, разам радаваліся;
4:37бо тут апраўдваецца выслоўе: адзін сее, а другі жне;
4:38Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу iх.
4:39З горада таго многія Самаране ўверавалі ў Яго па слову жанчыны, якая сведчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
4:40Таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у iх, i Ён прабыў там два дні,
4:41і намнога больш людзей уверавалі па слову Яго;
4:42а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяданню веруем, бо самі чулі i ведаем, што гэта сапраўды Збавіцель свету, Хрыстос.
4:43А праз два дні Ён адышоў адтуль i пайшоў у Галілею;
4:44бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
4:45Kалi ж Ён прыйшоў у Галілею, то Галілеяне прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.
4:46Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін царадворац, сын якога быў хворы ў Капернауме.
4:47Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацаліць сына яго, бо той быў пры смерці.
4:48І сказаў яму Іісус: калі знаменняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
4:49Кажа Яму царадворац: Госпадзі! прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё.
4:50Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.
4:51І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абвесцілі: сын твой жывы.
4:52Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзіне стала яму лягчэй; і сказалі яму: учора ў сем гадзін гарачка пакінула яго.
4:53Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
4:54Гэта ўжо другі цуд сатварыў Іісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.