Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1Хіба́ я не Апостал? Хіба́ я не свабодны? Хіба́ не бачыў я Іісуса Хрыста, Госпада нашага?  Хіба́ не мая праца — вы ў Госпадзе?
9:2Калі для іншых я не Апостал, то для вас — Апостал; бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.
9:3Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджа́е мяне.
9:4Ці ж не маем мы права есці і піць?
9:5Ці ж не маем мы права мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа.
9:6Ці ж толькі я і Варнава не маем права не працаваць?
9:7Хто і калі слу́жыць у войску на сваім утрыма́нні? Хто са́дзіць вінаграднік і не есць пладоў яго? Хто пасвіць статак і не п’е малака ад статку?
9:8Ці толькі паводле чалавечага разумення я кажу гэта? Ці не гаворыць гэтага і закон?
9:9Бо ў Маісеевым законе напісана: “не завязвай рот валу́, які малоціць”. Ці пра валоў клапоціцца Бог?
9:10Ці, можа, дзеля нас гэта гаворыцца? Дзеля нас жа гэта напíсана; бо хто арэ, той павінен араць з надзеяй, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяй на сваю долю спадзяванага.
9:11Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, то ці вялікая рэч, калі пажнём у вас цялеснае?
9:12Калі іншыя маюць гэтае права ў вас, то чаму тады не мы? Але мы не карысталіся гэтым пра́вам, а ўсё церпім, каб не зрабіць ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму. 
9:13Хіба вы не ведаеце, што тыя, хто працуе ў свяцілішчы, кормяцца ад свяцілішча? што тыя, хто слу́жыць пры ахвярніку, маюць долю ад ахвярніка?
9:14Гэтак і Гасподзь устанавіў, каб тыя, хто прапаведуе Евангелле, жылі ад дабравесця.
9:15Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў я гэта не дзеля таго, каб так было для мяне, бо мне лепш памерці, чым каб хто пазбавіў мяне таго, чым я хвалю́ся.
9:16Бо калі я дабраве́шчу, то мне няма чым хвалíцца, таму што гэта абавязак, які ляжы́ць на мне, і гора мне, калі не дабраве́шчу.
9:17Бо калі я раблю гэта добраахвотна, то ма́ю ўзнагароду, а калі не добраахвотна, то выконваю толькі дару́чаную мне справу.
9:18За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Евангелле, я дабраве́шчу пра Хрыста да́рам, не карыстаючыся тым правам, якое дае мне дабравесце.
9:19Таму, будучы свабодным ад усіх, я зрабіў сябе рабом усіх, каб больш іх прыдба́ць:
9:20для Іудзеяў я быў як Іудзей, каб прыдба́ць Іудзеяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб прыдба́ць падзаконных;
9:21для тых, хто без закону, я быў як без закону, —  не будучы без закону перад Богам, а падзаконным Хрысту, — каб прыдба́ць тых, хто без закону;
9:22для сла́бых быў як сла́бы, каб прыдба́ць сла́бых. Для ўсіх я стаў усім, каб спасці хаця б некаторых.
9:23І гэта я раблю дзеля Евангелля, каб стаць удзельнікам яго.
9:24Хіба вы не ведаеце, што на спаборніцтвах па бегу бягуць усе, а ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць.
9:25Кожны, хто спаборнічае, устрымліваецца ад усяго; аднак яны — каб атрымаць вянец тленны, а мы — нятленны.
9:26І таму я бягу не проста так, б’юся не так, быццам б’ю паветра;
9:27але прыгнятаю і знявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца недастойным.