Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 21

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 21
21:1І калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,
21:2сказаўшы ім: ідзіце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
21:3І калі вам хто скажа што – небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.
21:4Усё ж гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
21:5«скажыце дачцэ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асліцы і асляне, сыне пад'ярэмнай».
21:6Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус,
21:7прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
21:8Мноства людзей пасцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі галіны з дрэў і пасцілалі на дарозе;
21:9а люд, які ішоў спераду і следам, усклікаў: асанна Сыну Давідаваму! Благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя Гасподняе! Асанна ў вышніх!
21:10І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, увесь горад прыйшоў у рух і казалі: хто гэта?
21:11А люд казаў: Гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.
21:12І ўвайшоў Іісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мянялаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
21:13і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
21:14І прыступілі да Яго ў храме сляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.
21:15А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абураліся
21:16і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба вы ніколі не чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?»
21:17І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.
21:18А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есці.
21:19І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
21:20Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
21:21А Іісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, не толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і ўвергніся ў мора», — будзе;
21:22і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце.
21:23І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступілі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
21:24Іісус сказаў ім у адказ: спытаю і Я ў вас адну рэч; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
21:25Хрышчэнне Іаанава адкуль было: з нябёсаў, ці ад людзей? Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «з неба», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»
21:26а калі скажам: «ад людзей», — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
21:27І сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
21:28А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёння працуй у вінаградніку маім.
21:29Але ён сказаў у адказ: «не хачу»; а пасля, раскаяўшыся, пайшоў.
21:30І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.
21:31Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.
21:32Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.
21:33Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які пасадзіў вінаграднік: і абнёс агароджаю яго, і выкапаў у ім выціскальню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
21:34А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінаградараў узяць плады свае.
21:35Вінаградары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каменнем пабілі.
21:36Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
21:37Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
21:38Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай яго:
21:39І схапіўшы яго, вывелі вонкі з вінаградніка і забілі.
21:40І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
21:41Кажуць Яму: ліхадзеяў гэтых аддасць на лютую смерць, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
21:42Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся галавою вугла: гэта — ад Госпада, і ёсць дзіўна ў вачах нашых»?
21:43Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады яго.
21:44І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
21:45І чуючы прытчы Яго, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
21:46і намерваліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.