Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 9

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 9
9:1І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, хто не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
9:2І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару высокую адных асобна, і перамяніўся перад імі.
9:3І ўбранне Яго стала бліскучым і надзвычай белым, як снег, такім, як бялільшчык на зямлі не можа выбеліць.
9:4І явіўся ім Ілія з Маісеем; і размаўлялі з Іісусам.
9:5І, азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Равві! добра нам тут быць, зробім тры шатры, Табе адзін, Маісею адзін і адзін Іліі.
9:6Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былі перапалохаліся.
9:7І ўзнікла воблака, ахінаючы іх, і з воблака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлюблены; Яго слухайце.
9:8І нечакана, агледзеўшыся навокал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.
9:9І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
9:10І захавалі ў сабе гэтае слова, разважаючы між сабой: што значыць «уваскрэснуць» з мёртвых?
9:11І пыталіся ў Яго, кажучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія павінен прыйсці раней?
9:12А Ён сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды, прыйшоўшы раней, узновіць усё; а як жа напісана пра Сына Чалавечага, — што многа адпакутуе і зняважаны будзе?
9:13Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго.
9:14І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
9:15І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, уразіўся і, падбягаючы, віталі Яго.
9:16І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрачаецеся з імі?
9:17Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае ў сабе духа нямога;
9:18і дзе ні схопіць яго, кідае яго, і ён пену пускае і скрыгоча зубамі і дранцвее; і прасіў я вучняў Тваіх, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
9:19Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.
9:20І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
9:21І запытаўся Іісус у бацькі яго: як даўно гэта здарылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;
9:22і часта дух і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго; але, як што можаш, дапамажы нам, зжаліўшыся над намі.
9:23А Іісус сказаў яму: калі можаш вераваць, усё магчыма для таго, хто веруе.
9:24І адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька са слязьмі сказаў: верую, Госпадзі! памажы майму нявер’ю!
9:25Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
9:26І, ускрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.
9:27Але Іісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.
9:28І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здолелі выгнаць яго?
9:29І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту.
9:30І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
9:31Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя і заб’юць Яго, і забіты, Ён на трэці дзень уваскрэсне.
9:32Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
9:33І прыйшоў у Капернаум; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважалі між сабою?
9:34Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся адзін з адным, хто большы.
9:35І, сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
9:36І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
9:37хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыме, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
9:38Азваўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што імем Тваім выганяе дэманаў, але не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо не ходзіць за намі.
9:39Іісус жа сказаў: не забараняйце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя Маё і мог бы неўзабаве зняважыць Мяне,
9:40бо хто не супраць вас, той за вас.
9:41І хто напоіць вас чашай вады ў імя таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
9:42А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, калі б павесілі жарнавы камень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.
9:43І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепей табе калекам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі маючы, пайсці ў геену, у агонь незгасальны,
9:44дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
9:45І калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепей табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у геену, у агонь незгасальны,
9:46дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
9:47І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым два вокі маючы, быць укінутым у геену вогненную,
9:48дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
9:49Бо кожны агнём асоліцца і кожная ахвяра соллю асоліцца.
9:50Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? Майце соль у сабе, і мір майце між сабою.