Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 10

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 10
10:1Не хачу, браты, каб вы засталіся ў няве́данні, што айцы нашы ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора;
10:2і ўсе хрысціліся ў Маісея ў воблаку і ў моры;
10:3і ўсе елі тую самую духоўную ежу;
10:4і ўсе пілí тое самае духоўнае пітво, бо пілí з духоўнай скалы, якая суправаджа́ла іх; а скалою быў Хрыстос.
10:5Але не многіх з іх упадабаў Бог, таму яны пале́глі ў пустыні.
10:6А гэта былі правобразы для нас, каб мы не былі ахвочымі да зла, як былі ахвочымі яны.
10:7І не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, пра якіх напісана: “народ сеў есці і піць, і падняўся, каб забаўляцца”.
10:8І не будзем блудадзейнічаць, як некаторыя з іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
10:9І не будзем спакушаць Хрыста, як некторыя з іх спакушалі, і загінулі ад змей.
10:10І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі, і загінулі ад знішчальніка.
10:11Усё гэта адбывалася з імі як правобразы; а напíсана было́ для настаўлення нам, якіх застала сканчэнне вякоў.
10:12Дык вось, хто думае, што ён стаіць, няхай асцерагаецца, каб не ўпа́сці.
10:13Вас спасцігла спакуса не яка́я іншая, як чалавечая; і верны Бог, Які не дапу́сціць, каб у вас былí спаку́сы звыш сіл, а пры спакушэ́нні дасць і выйсце, каб вы маглі вы́трываць.
10:14Таму, узлюбленыя мае́, уцякайце ад ідалапаклонства.
10:15Я кажу вам як разумным; самі разважце пра тое, што кажу:
10:16чаша благаславення, якую мы благаслаўляем, — хіба гэта не далучэнне да Крыві Хрыстовай? хлеб, які мы пераламляем, — хіба гэта не далучэнне да Цела Хрыстовага?
10:17Паколькі хлеб адзін, то мы многія — адно цела; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба.
10:18Глядзіце на Ізраіль па плоці: тыя, што ядуць ахвяры, — хіба не далучаюцца да ахвярніка?
10:19Дык што я кажу́ ці тое, што ідал нешта значыць, альбо ідалаахвярнае нешта значыць? 
10:20Не; а толькі тое, што язычнікі, прыносячы ахвяру, прыносяць яе дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы былí ў лу́чнасці з дэманамі.
10:21Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманскую; не можаце быць удзельнікамі трапе́зы Гасподняй і трапе́зы дэманскай.
10:22Няўжо мы хочам абудзíць рэўнасць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
10:23Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але не ўсё настаўляе.
10:24Няхай ніхто не шукае карысці для сябе, але кожны — для іншага.
10:25Усё, што прадаецца на рынку, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;
10:26бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.
10:27Калі хто з няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсці, дык усё, што прапануюць вам, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;
10:28Але калі хто скажа вам: “гэта ідалаахвярнае”, — дык не ежце дзеля таго, хто гэта паведаміў, і дзеля спакою сумлення; бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.
10:29Пра сумленне ж я кажу не сваё, а іншага; бо навошта, каб маю свабоду судзілі чужым сумленнем?
10:30Калі я з падзя́каю прымаю ежу, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я ўзношу падзяку?
10:31Дык вось, ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую.
10:32Не будзьце прычынаю спакус ні для Іудзеяў, ні для Элінаў, ні для Царквы Божай,
10:33як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы карысці не для сябе, а для многіх, каб яны спасліся.