Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 12

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 12
12:1А ў той час цар Ірад узня́ў руку́, каб учынíць зло некато́рым з тых, што нале́жалі да царквы;
12:2ён забіў мячом Іакава, брата Іаа́навага,
12:3а ўбачыўшы, што гэта падаба́ецца Іудзеям, вы́рашыў яшчэ ўзяць і Пятра; тады былí дні праснако́ў;
12:4і ўзяў ён яго, пасадзіў у цямніцу і даручы́ў чатыром чацвёркам воінаў сцерагчы́ яго, ма́ючы наме́р пасля Пасхі вы́весці яго да народу.
12:5Такім чынам, Пятра сцераглі ў цямніцы; а царква стара́нна малілася за яго Богу.
12:6Калі ж Ірад збіраўся вы́весці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума́ во́інамі, звя́заны двума ланцуга́мі, і вартавы́я каля дзвярэ́й ахо́ўвалі цямніцу.
12:7І вось, Ангел Гасподні з'явіўся, і святло заззяла ў памяшка́нні; штурх­ну́ўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, ка́жучы: уставай хутчэй. І апа́лі ланцугí з яго рук.
12:8І сказаў яму Ангел: падперажы́ся і абу́й санда́лі свае. Ён зрабіў гэта. Тады кажа яму: надзень во́пратку сваю і ідзі за мною.
12:9І, вы́йшаўшы, ён ішоў за ім, і не ведаў, што было́ ная́ве тое, што робіць Ангел, а думаў, што ба́чыць відзе́нне.
12:10Прайшоўшы пе́ршую ва́рту і другу́ю, яны прыйшлі да жале́з­най бра́мы, якая вяла́ ў горад і якая сама сабою адчынíлася перад імі; і, вы́йшаўшы, яны прайшлі адну ву́ліцу, і адразу Ангел адышоў ад яго.
12:11Тады Пётр, прыйшо́ўшы ў сябе, сказаў: цяпер ведаю сапраўды́, што паслаў Гасподзь Ангела Свайго і зба́віў мяне ад рукí Ірада і ад усяго, чаго чакаў народ Іудзейскі. 
12:12Агле́дзеўшыся, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Іаана, называ́­нага Маркам, дзе многія сабра́ліся і маліліся.
12:13Калі Пётр пасту́каў у дзверы бра́мы, падышла паслухаць служа́нка, па імені Ро́да,
12:14і, пазна́ўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчынíла бра́мы, а, пабегшы, паве́даміла, што Пётр стаіць каля бра́мы.
12:15Яны ж сказалі ёй: ты не ў сваім розуме. Але яна насто́йвала на сваім. Яны ж казалі: гэта Ангел яго.
12:16А Пётр праця́гваў сту́кацца; яны, адчыніўшы, убачылі яго і дзіву далíся.
12:17Даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, ён расказаў ім, як Гасподзь вы́веў яго з цямніцы, потым сказаў: паве́даміце пра гэта Іакаву і брата́м. І, вы́йшаўшы, ён накірава́ўся ў іншае месца.
12:18А калі настаў дзень, узнíк вялікі перапало́х сярод воінаў з – за таго, што зда́рылася з Пятром;
12:19Ірад жа, пашука́ўшы яго і не знайшоўшы, засудзíў вартаўніко́ў і загада́ў вы́весці іх; і, адпра́віўшыся з Іудзеі ў Кесары́ю, застава́ўся там.
12:20Ірад быў разгне́ваны на жыхароў Ты́ра і Сідо́на; а яны па агу́льнай зго́дзе прыбылí да яго і, схілíўшы на свой бок Ула́ста, пасце́льніка царскага, прасілі міру, таму што іх краіна кармíлася ад царскай.
12:21У прызна́чаны дзень Ірад, апрану́ўшы адзе́нне царскае і сеўшы на ўзвышэ́нні, прамаўля́ў да іх;
12:22а народ ускліка́ў: гэта голас Бога, а не чалавека.
12:23І адразу паразíў яго Ангел Гасподні за тое, што ён не ўзнёс славы Богу; і ён, з'е́дзены чарвя́мі, спусцíў дух.
12:24Слова ж Божае ўзраста́ла і мно́жылася.
12:25А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма, вы́канаўшы служэ́нне і ўзя́ўшы з сабою таксама Іаана, назва́нага Маркам.