Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Матфея, глава 26

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 26
26:1І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
26:2вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне.
26:3Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа,
26:4і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць;
26:5але казалі: толькі не ў свята, каб не сталася абурэння ў народзе.
26:6Калі ж Іісус быў у Віфаніі, у доме Сімана пракажонага,
26:7прыступіла да Яго жанчына з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом.
26:8Убачыўшы, вучні Яго абурыліся і казалі: навошта такая трата?
26:9бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
26:10Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне;
26:11бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце;
26:12бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахавання;
26:13праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
26:14Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў
26:15і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
26:16і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
26:17У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху?
26:18Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: « Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
26:19І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатавалі пасху.
26:20Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццацю вучнямі;
26:21І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне.
26:22Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе?
26:23А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
26:24Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
26:25У адказ жа Іуда, які выдаў Яго, сказаў: ці не я, Равві? Іісус кажа яму: ты сказаў.
26:26А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламіў і, раздаючы вучням, сказаў: прыміце, ешце: гэта Цела Маё.
26:27І ўзяўшы чашу, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: піце з яе ўсе;
26:28бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля даравання грахоў.
26:29Кажу ж вам, што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
26:30І заспяваўшы, пайшлі на гару Елеонскую.
26:31Тады кажа ім Іісус: усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку».
26:32А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі.
26:33У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе спакусяцца аб Табе, я не спакушуся.
26:34Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
26:35Кажа Яму Пётр: хоць бы мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
26:36Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
26:37І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
26:38Тады кажа ім Іісус: душа Мая смуткуе да смерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
26:39І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
26:40І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною?
26:41Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць нядужая.
26:42Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
26:43І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
26:44І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
26:45Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
26:46устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.
26:47І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мячамі і каламі, ад першасвятароў і старэйшын народных.
26:48А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць, вазьміце Яго.
26:49I, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Равві! І пацалаваў Яго.
26:50Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса, і ўзялі Яго.
26:51І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаровага, адсек яму вуха.
26:52Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць;
26:53альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
26:54як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
26:55У тую гадзіну сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы не ўзялі Мяне.
26:56А ўсё гэта было, каб збыліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
26:57А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
26:58А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
26:59Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
26:60і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі
26:61і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
26:62І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сведчаць?
26:63Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
26:64Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
26:65Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: Ён блюзнерыць. Навошта яшчэ нам сведкі? Вось, вы чулі блюзнерства Яго!
26:66Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты смерці.
26:67Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках
26:68і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?
26:69А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам.
26:70Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш.
26:71А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў з Іісусам Назарэем.
26:72І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я не ведаю Гэтага Чалавека.
26:73Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
26:74Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
26:75І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам: перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.