Священное Писание

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, глава 12

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 12
12:1А што да духоўных дароў, браты, я не хачу, каб вы засталíся ў няве́данні.
12:2Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то да ідалаў нямых хадзілі, быццам хто вёў вас.
12:3Таму даво́джу вам, што ніхто, у Духу Божым гаворачы, не прамаўляе ана́фемы на Іісуса, і ніхто не можа назваць Іісуса Госпадам, як толькі ў Духу Святым.
12:4Розныя ёсць дары́, а Дух — той самы;
12:5і розныя служэ́нні, а Гасподзь — той самы;
12:6і розныя дзе́янні, а Бог — той самы, Які здзяйсня́е ўсё ва ўсіх.
12:7Але кожнаму даецца праяўле́нне Духа на карысць:
12:8аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова ведаў, тым самым Духам;
12:9іншаму — вера, тым самым Духам; іншаму — дары ацаленняў, тым самым Духам;
12:10іншаму — цудатварэ́нні, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
12:11Усё гэта здзяйсня́е адзін і той самы Дух, раздаючы́ кожнаму асобна, як Ён жадае.
12:12Бо як цела адно, але ма́е многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і многа, з’яўляюцца адным целам, — так і Хрыстос.
12:13Бо ўсе мы адным Духам ахры́шчаны ў адно цела: ці то Іудзеі, ці Эліны, ці рабы, ці свабодныя, і ўсе адным Духам напо́ены.
12:14Цела ж не з аднаго члена, а з многіх.
12:15Калі нага скажа: “я не належу да цела, бо я не рука”, то няўжо яна з – за гэтага не належыць да цела?
12:16І калі вуха скажа: “я не належу да цела, бо я не вока”, то няўжо яно з – за гэтага не належыць да цела?
12:17Калі ўсё цела — вока, то дзе слых? Калі ўсё — слых, то дзе нюх?
12:18Але Бог змясціў члены, кожны з іх, у целе, як Ён пажадаў.
12:19А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?
12:20Дык вось, членаў многа, а цела адно.
12:21Не можа вока сказаць руцэ: “ты мне не патрэбна”; альбо таксама галава нагам: “вы мне не патрэбны”.
12:22Наадварот, члены цела, якія здаюцца слабейшымі, значна больш патрэбныя,
12:23і тым, якія здаюцца нам менш пава́жнымі ў целе, мы ўдзяляем больш увагі;
12:24і непрыстойным нашым больш добрапрыстойны выгляд надаём, а добрапрыстойныя нашы не маюць у гэтым патрэбы. Але Бог так склаў цела, што менш дасканаламу надаў больш увагі,
12:25каб не было раздзялення ў целе, а члены аднолькава клапаціліся адзін пра аднаго.
12:26Таму, калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены.
12:27І вы — цела Хрыстова, а паасобку — члены.
12:28І адных Бог паставіў у Царкве, па – першае, Апосталамі, па – другое, прарокамі, па – трэцяе, настаўнікамі; затым, іншым даў сілы цудатварэння, затым, дары ацаленняў, дапамогі, кіравання, розныя мовы.
12:29Хіба ўсе Апосталы? хіба ўсе прарокі? хіба ўсе цудатворцы?
12:30хіба ўсе маюць дары ацаленняў? хіба ўсе гавораць мовамí хіба ўсе могуць тлумачыць іх?
12:31Імкнíцеся да дароў бо́льшых, і я пакажу вам шлях яшчэ даскана́лейшы.