Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 21

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 21
21:1Пасля таго, як мы, расста́ўшыся з імі, адплылí, то прамы́м шля́хам прыбылí на Кос, а насту́пнага дня – на Ро́дас, і адтуль у Пата́ру; 
21:2і, знайшо́ўшы карабе́ль, які накіро́ўваўся ў Фінікíю, мы ўзышлí на яго і адплылí.
21:3Калі паказа́ўся Кіпр, мы, пакí­нуўшы яго зле́ва, паплылí ў Сíрыю і прыста́лі ў Ты́ры, бо там трэба было́ з карабля́ вы́грузіць тавар.
21:4І, знайшо́ўшы ву́чняў, мы засталíся там на сем дзён; яны, па натхне́нню Ду́ха, каза́лі Паўлу не ісці ў Іерусалім.
21:5Пасля таго, як мы правялí гэтыя дні, мы вы́йшлі і адпра́віліся ў дарогу, і праводзілі нас усе з жанчы́намі і дзе́цьмі аж за горад; а на бе́разе, стаўшы на кале́ні, мы памалíліся.
21:6І, развіта́ўшыся адны з аднымі, мы ўзышлí на карабе́ль, а яны вярну́­ліся да сябе.
21:7Мы, завяршы́ўшы пла́ванне з Ты́ра, прыбылí ў Пталемаíду і, пры­віта́ўшы брато́ў, засталíся на адзін дзень у іх.
21:8Назаўтра ж мы, якія былí з Паўлам, адпра́віліся і прыйшлі ў Кесары́ю і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабраве́сніка, аднаго з сямі дыя́канаў, засталíся ў яго.
21:9А ў яго былí чатыры дачкí, дзевы, якія праро́чылі.
21:10У той час, як мы на праця́гу многіх дзён застава́ліся ў іх, прыбы́ў з Іудзеі нейкі прарок, па íмені Ага́ў,
21:11і, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла і, звяза́ўшы сабе но́гі і ру́кі, сказаў: так гаво́рыць Дух Святы́: «му́жа, якому нале́жыць гэты пояс, звя́жуць у Іерусаліме Іудзеі і аддаду́ць у ру́кі язы́чнікаў».
21:12Калі мы пачулі гэта, то і мы, і та́машнія прасілі, каб ён не ішоў у Іерусалім.
21:13Але Павел у адказ сказаў: што вы робіце, пла́чучы і разрыва́ючы маё сэ́рца?а́ я не толькі хачу быць вя́знем, але і паме́рці ў Іерусаліме гатовы за імя́ Госпада Іісуса.
21:14І паколькі ён не паддава́ўся ўгаво́рам, мы супако́іліся і сказалі: няхай будзе воля Гасподняя!
21:15Пасля гэтых дзён, пад­рыхтава́ўшыся, мы пайшлі ў Іерусалім;
21:16ішлі з намі і некато́рыя вучні з Кесары́і, право́дзячы нас да нейкага Мна́сана Кіпрыёта, да́ўняга вучня, каб нам пажы́ць у яго.
21:17Калі ж мы прыбылí ў Іерусалім, браты́ з радасцю прынялí нас.
21:18На другі дзень Павел прыйшоў з намі да Іакава, прыйшлі і ўсе прасвітары.
21:19І, павітаўшы іх, Павел стаў расказваць падрабя́зна, што́ зрабіў Бог у язычнікаў праз служэ́нне яго.
21:20Вы́слухаўшы яго, яны сла́вілі Бога і казалі: бачыш, брат, колькі тысяч Іудзеяў уве́равалі, і ўсе яны руплíўцы закона;
21:21а пра цябе яны чулі, бы́ццам ты ўсіх Іудзеяў, якія жыву́ць сярод язы́чнікаў, навуча́еш адсту́пніцтву ад Маісея, ка́жучы, каб яны не абрэ́звалі сваіх дзяцей і не трыма́ліся айцоўскіх звы́чаяў.
21:22Дык што ж? Напэўна, збяру́ц­ца многія, бо пачу́юць, што ты прыйшоў.
21:23Зрабі ж тое, што́ мы скажам табе: ёсць у нас чатыры мужы́, якія ма́юць на сабе абе́т;
21:24вазьмі іх і ачы́сціся з імі, і прымí на сябе выда́ткі на ахвяру за іх, каб яны абстры́глі свае гало́вы; тады даве́даюцца ўсе, што пачу́тае імі пра цябе – няпраўда, а што і сам ты жыве́ш, захо́ўваючы закон.  
21:25А пра язы́чнікаў, якія ўве́равалі, мы піса́лі пасла́нне, пастанавíўшы, каб яны нічога такога не прытры́мліваліся, а толькі асцерага́ліся ідалаахвя́рнага, крывí, заду́шанага і блу́ду.
21:26Тады Павел, узя́ўшы тых мужо́ў і ачы́сціўшыся з імі, на другí дзень увайшоў у храм і абвясцíў пра заканчэ́нне дзён ачышчэ́ння, калі павінна быць прыне́сена за кожнага з іх прынашэ́нне.
21:27Калі ж сем дзён завярша́ліся, Асійскія Іудзеі, уба́чыўшы яго ў храме, падбухто́рылі ўвесь народ і накла́лі на яго ру́кі,
21:28закрыча́ўшы: мужы́ Ізра́ільскія, дапамажы́це! гэты чалавек усіх усю́ды навуча́е су́праць народа, і закона, і месца гэтага; а яшчэ і Э́лінаў увёў у храм і апага́ніў святое ме́сца  гэтае.
21:29Бо яны перад тым бачылі з ім у горадзе Трафíма Эфе́сяніна і думалі, што Павел увёў яго ў храм.
21:30Узру́шыўся ўвесь горад, і сышо́ўся народ; і, схапíўшы Паўла, яны пацягну́лі яго прэч з храма, і адразу зачы́нены былí дзверы.
21:31Калі ж яны хацелі забіць яго, дайшла да тысячанача́льніка палка́ вестка, што ўвесь Іерусалім узбу́раны; 
21:32той, адразу ўзя́ўшы воінаў і сотнікаў, пабег да іх; яны ж, уба́чыўшы тысячанача́льніка і воінаў, пераста́лі біць Паўла.
21:33Тады тысячанача́льнік, наблí­зіўшыся, узяў яго і загада́ў звяза́ць яго двума́ ланцуга́мі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
21:34У натоўпе адны крыча́лі адно, а другія – другое; і ён, не здо́леўшы з – за шуму даве́дацца нічога пэ́ўнага, загада́ў ве́сці яго ў крэпасць.
21:35Калі ж Павел апыну́ўся на прысту́пках, то воінам прыйшло́ся не́сці яго з прычыны на́ціску нато́ўпу,
21:36бо мноства народу ішло ўслед і крыча́ла: смерць яму́!
21:37Пры ўваходзе ў крэпасць Павел кажа тысячанача́льніку: можна мне сказа́ць нешта табе́ А той сказаў: дык ты ўме́еш па – грэчаску?
21:38значыць, ты не той Егіпця́нін, які нядаўна ўчынíў бунт і вы́веў у пустыню чатыры тысячы чалавек сіка́рыяў?
21:39Павел жа сказаў: я Іудзей, Тарся́нін, грамадзя́нін немалазна́ч­нага Кілікíйскага горада; прашу цябе, дазволь мне прамо́віць да народу.
21:40Калі ж той дазволіў, Павел, сто́ячы на прысту́пках, даў народу знак рукой; і калі наста́ла глыбокае маўча́нне, ён пачаў гаварыць на яўрэйскай мове, ка́жучы: