Священное Писание

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,
5:2і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.
5:3А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;
5:4таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;
5:5бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
5:6Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:
5:7дык не майце нічога супольнага з імі.
5:8Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,
5:9бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;
5:10распазнавайце, што́ даспадобы Богу,
5:11і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.
5:12Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.
5:13А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;
5:14таму ска́зана: «устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос».
5:15Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,
5:16даражыце часам, бо дні ліхія.
5:17Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.
5:18І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,
5:19звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
5:20дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,
5:21падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
5:22Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
5:23бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.
5:24Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.
5:25Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
5:26каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;
5:27каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго – небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.
5:28Так павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.
5:29Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,
5:30таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.
5:31Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.
5:32Тайна гэтая вялікая; а гавару я  ў адносінах да Хрыста і да Царквы.
5:33Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.