Священное Писание

Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Дзеля гэтага я, Павел, стаў вя́знем Хрыста Іісуса за вас, язычнікаў.
3:2Вы, канешне, чулі пра дзе́янне благадаці Божай, дадзенай мне для вас,
3:3што мне праз адкравенне была абве́шчана тайна, як я ўжо пісаў коратка,
3:4з чаго вы, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне тайны Хрыстовай,
3:5якая не была абве́шчана ранейшым пакаленням сыноў чалавечых, як цяпер адкрыта святым Апосталам Яго і прарокам праз Духа Святога,
3:6што язычнікі — сунаследнікі, і члены адзінага цела, і супольнікі абяцання Яго ў Хрысце Іісусе праз дабравесце,
3:7служы́целем якога я стаў паводле дару благадаці Божай, дадзенай мне праз дзеянне сілы Яго.
3:8Мне, найменшаму з усіх святых, была́ дадзена благадаць гэтая — дабравесціць язычнікам неспасціжнае багацце Хрыстова
3:9і высветліць для ўсіх, у чым задума тайны, скрытай адвеку ў Богу, Які стварыў усё Іісусам Хрыстом,
3:10каб цяпер начальствам і ўладам на нябёсах стала вядомай праз Царкву разнастайная прамудрасць Божая,
3:11паводле спрадвечнага вызначэ́ння, якое Ён здзе́йсніў у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым,
3:12у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ праз веру ў Яго.
3:13Таму прашу не па́даць духам з – за маіх дзеля вас пакут, бо яны — слава ваша.
3:14Дзеля гэтага схіля́ю калені мае́ перад Айцом Госпада нашага Іісуса Хрыста,
3:15ад Якога ўсякі род на нябёсах і на зямлі ма́е найменне, —
3:16каб Ён даў вам, паводле багацця славы Сваёй, трывала ўмацавацца Духам Яго ва ўну́траным чалавеку,
3:17каб Хрыстос усяліўся праз веру ў сэ́рцы вашы; каб вы, укараніўшыся і ўмацава́ўшыся ў любові,
3:18маглі з усімі святымі ўспрыня́ць, што́ ёсць шырыня, і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,
3:19і спазнаць вышэйшую за пазна́нне любоў Хрыстову, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.
3:20А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім ці пра што думаем, —
3:21Яму слава ў Царкве ў Хрысце Іісусе ва ўсе роды з веку ў век. Амінь.