Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 5

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 5
5:1І прыплылі на другі бераг мора ў краіну Гадарынскую.
5:2І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячораў у духу нячыстым,
5:3які меў жытло ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звязаць яго;
5:4бо шмат разоў яго звязвалі аковамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
5:5і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гарах крычаў ён і біўся аб каменне.
5:6А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланіўся Яму.
5:7І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? заклінаю Цябе Богам, не муч мяне!
5:8Бо Іісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
5:9І пытаўся ў яго: як імя тваё? І той адказаў: легіён маё імя, бо многа нас.
5:10І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
5:11А там пры гары пасвіўся вялікі статак свіней.
5:12І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх.
5:13І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней; і рынуўся статак з кручы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патанулі ў моры.
5:14А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася.
5:15Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
5:16Тыя, хто бачыў, расказалі ім: як гэта адбылося з апантаным, і пра свіней.
5:17І пачалі прасіць Яго адыйсці з межаў іх.
5:18І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
5:19А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што зрабіў табе Гасподзь і як памілаваў цябе.
5:20І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
5:21І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабралася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
5:22І вось прыходзіць адзін са старэйшын сінагогі, імем Іаір, і, ўбачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
5:23і вельмі просіць Яго, кажучы: дачушка мая пры смерці, прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла.
5:24І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіралі на Яго.
5:25І жанчына нейкая, што мела кровацячэнне дванаццаць гадоў,
5:26і шмат нацярпелася ад многіх лекараў, і патраціла ўсё, што мела і ніякай палёгкі не атрымала, а стала ёй яшчэ горш;
5:27пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да вопраткі Яго;
5:28бо казала: калі дакрануся хоць да вопраткі Яго, уратаваная буду.
5:29І адразу спынілася кровацячэнне ў яе, і адчула яна целам, што вызвалілася ад хваробы.
5:30І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрануўся да вопраткі Маёй?
5:31І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напірае на Цябе, а кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
5:32І аглядаўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
5:33А жанчына спалохалася і дрыжала, ведаючы, што з ёю адбылося, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
5:34Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
5:35Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
5:36Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
5:37І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
5:38Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню і тых, што плачуць і галосяць моцна.
5:39І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалюецеся і плачаце. Дзяўчынка не памерла, а спіць.
5:40І насміхаліся з Яго. Але Ён, выправадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
5:41І, узяўшы дзяўчынку за руку, кажа ёй: таліфа кумі, што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань.
5:42І адразу паднялася дзяўчына і пачала хадзіць, а было ёй гадоў дванаццаць. І ўразіліся ўражаннем вялікім.
5:43І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.