Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Марка, глава 10

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 10
10:1І, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звычайна, зноў вучыў іх.
10:2І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
10:3Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
10:4Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
10:5І, адказваючы, Іісус сказаў ім: з – за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
10:6але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
10:7Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
10:8і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною, так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
10:9Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
10:10І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
10:11І сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае супраць яе;
10:12і калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзейнічае.
10:13І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
10:14Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.
10:15Праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
10:16І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
10:17І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
10:18Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
10:19Ведаеш запаведзі: «не пралюбадзейнічай; не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці».
10:20Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
10:21Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і мець будзеш скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
10:22А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку, бо меў вялікую маёмасць.
10:23І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
10:24Вучні жахаліся ад словаў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
10:25Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
10:26Яны ж надзвычай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
10:27Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: людзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
10:28Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
10:29Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
10:30і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця вечнага;
10:31многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
10:32Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
10:33вось мы ўзыходзім у Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам;
10:34і наглумяцца над Ім, і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
10:35І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы, кажучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
10:36А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
10:37Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй.
10:38Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
10:39Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
10:40а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю, але гэта для тых, каму ўгатавана.
10:41І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
10:42А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі.
10:43Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
10:44і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
10:45Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
10:46І прыходзяць у Іерыхон. І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Цімееў, Варцімей сляпы, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
10:47І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
10:48І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
10:49І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
10:50Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
10:51І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць.
10:52Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.