Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Iаана, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Быў жа чалавек з фарысеяў, імя яму Нікадзім, начальнік Іудзейскі;
3:2ён прыйшоў да Іісуса ўначы i сказаў Яму: Равві! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш, калі Бог не будзе з ім.
3:3У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца звыш, не можа ўбачыць Царства Божага.
3:4Кажа Яму Нікадзім: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй i нарадзіцца?
3:5Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады i Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:
3:6народжанае ад плоці ёсць плоць, а народжанае ад Духа ёсць дух.
3:7Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: «трэба вам нарадзіцца звыш».
3:8Вецер вее, дзе хоча, i голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыходзіць i куды адыходзіць; так i з кожным народжаным ад Духа.
3:9Тады Нікадзім сказаў Яму: як гэта можа быць?
3:10У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізраілеў, i гэтага не ведаеш?
3:11Праўду, праўду кажу табе: што Мы ведаем, пра тое гаворым, i што бачылі, пра тое сведчым, i вы сведчання Нашага не прымаеце;
3:12калі Я пра зямное сказаў вам, i вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
3:13Нiхто не ўзыходзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, будучы на небе, сышоў з неба;
3:14і, як Маісей узняў змея ў пустыні, так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму,
3:15каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
3:16Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае;
3:17бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго;
3:18хто веруе ў Яго, не будзе асуджаны, а хто не веруе, той ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
3:19А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбілі людзі цемру больш за святло, бо ўчынкі iх былі ліхія;
3:20бо кожны, хто робіць зло, той ненавідзіць святло i не ідзе да святла, каб не былі выкрыты ўчынкі яго, бо яны ліхія;
3:21а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу зроблены.
3:22Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю; i там Ён жыў з імі i хрысціў.
3:23Іаан жа таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Саліма, бо там было многа вады, i прыходзілі туды i хрысціліся;
3:24таму што не быў яшчэ пасаджаны ў цямніцу Іаан.
3:25І ўзнікла спрэчка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэнне;
3:26і прыйшлі да Іаана i сказалі яму: Равві! Той, Хто быў з табою на тым баку Іардана і пра Каго ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, i ўсе ідуць да Яго.
3:27У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе дадзена яму з неба.
3:28Вы самі мне сведчыце, што я сказаў: «я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім».
3:29Хто мае нявесту, той жанiх, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, радасцю радуецца, чуючы голас жанiха; гэтая вось радасць мая споўнілася;
3:30Яму належыць узрастаць, а мне меншаць.
3:31Хто прыходзіць з вышыні, Той над усiмі, а хто ад зямлі, той зямны i па – зямному гаворыць; Хто прыходзіць з неба, Той над усiмi,
3:32i што Ён бачыў i чуў, пра тое сведчыць, ды сведчання Яго ніхто не прымае;
3:33хто прыняў Яго сведчанне, той сцвердзіў, што Бог ісцінны.
3:34Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не мераю дае Бог Духа.
3:35Бо Айцец любіць Сына i ўсё даў у руку Яго.
3:36Хто веруе ў Сына, той мае жыццё вечнае, а хто не веруе ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.