Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 17

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 17
17:1Прайшоўшы праз Амфіпо́ль і Апало́нію, яны прыйшлі ў Фесало́ніку, дзе была́ Іудзейская сінагога. 
17:2Паводле свайго звы́чаю, Павел увайшоў да іх і на праця́гу трох субот размаўляў з імі на падста́ве Піса́нняў,
17:3тлума́чачы і даво́дзячы, што Хрысту нале́жала прыня́ць паку́ты і ўваскрэ́снуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Іісус, Якога я прапаве́дую вам.
17:4І некато́рыя з іх уве́равалі і далучы́ліся да Паўла і Сілы – і з набо́жных Э́лінаў вялікае мно́ст­­ва, і са зна́тных жанчын няма́ла.
17:5А Іудзеі, якія не ўверавалі, пазайздро́сціўшы і назбіра́ўшы на плошчы нейкіх няго́дных людзей, учынíлі натоўп і пачалí бунтава́ць горад; падступіўшы да дому Іасо́на, яны намага́ліся вы́весці іх да народу.
17:6Але, не знайшоўшы іх, яны пацягнулі Іасо́на і некато́рых братоў да гарадскіх начальнікаў, выкры́кваючы: тыя, што бунту́юць увесь свет, і сюды прыйшлі,
17:7а Іасон іх прыня́ў; і яны ўсе су́праць зага́даў ке́сара выступа́юць, гаворачы, што ёсць іншы цар – Іісус.
17:8І ўстрыво́жыўся народ і гарадскія нача́льнікі, чу́ючы гэта.
17:9Але, атрыма́ўшы зало́г ад Іасо́на і ад іншых, яны адпусцíлі іх. 
17:10Браты ж адразу ўначы́ адпра́вілі Паўла і Сілу ў Ве́рыю; яны, прыбы́ўшы туды, пайшлі ў сінагогу Іудзейскую.
17:11Гэтыя былí больш высакаро́д­нымі за тых, што ў Фесало́ніцы, яны прынялí сло́ва з усёй шчы́расцю, штодзе́нь дасле́дуючы Піса́нні, ці так яно ёсць;
17:12і многія з іх уве́равалі – і з паважа́ных Э́лінскіх жанчын, і з мужчын няма́ла.
17:13Калі ж даведаліся Фесаланікíй­скія Іудзеі, што і ў Ве́рыі прапаве́дана Паўлам сло́ва Божае, то прыйшлі і туды, падбухто́рваючы і будара́жачы народ.
17:14Тады браты́ адразу адпра́вілі Паўла ісці ў кіру́нку да мора, а Сіла і Цімафей засталíся там.
17:15Суправаджа́льнікі Паўла правялí яго да Афін, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя як найхутчэ́й прыйшлі да яго, адпра́віліся назад.
17:16У той час, як Павел чака́ў іх у Афінах, абура́ўся ў ім дух яго, калі ён бачыў гэты горад, поўны ідалаў.
17:17І вось ён размаўляў у сінагозе з Іудзеямі, і з тымі, хто шанава́ў Бога, і на плошчы штодзе́нь з сустрэ́чнымі.
17:18Некаторыя з філосафаў эпіку­рэ́йскіх і стаíчных спрача́ліся з ім; і адны гаварылі: «што́ хоча сказаць гэты пустасло́ў?», а другія: «здае́цца, ён прапаве́днік чужы́х багоў», – бо ён прапаве́даваў ім Іісуса і ўваскрасе́нне.
17:19І, узяўшы яго, прывялі ў арэапа́г і казалі: ці можам мы даве́дацца, што́ гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшча́еш?
17:20бо ты нешта дзіўнае ўклада́еш у ву́шы нашы; таму мы хочам даве́дацца: што́ гэта такое?
17:21А ўсе Афíняне і іншазе́мцы, якія жылí там, нічым так ахво́тна не займа́ліся, як тым, каб гаварыць або слу́хаць пра нешта новае.
17:22І, стаўшы пасярод арэапа́га, Павел сказаў: мужы́ Афінскія! па ўсім бачу я, што вы асабліва набо́жныя;
17:23бо, прахо́дзячы і агляда́ючы святыні вашы, я знайшоў і ахвя́рнік, на якім напíсана: «невядо́маму Богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ве́даючы, шану́еце, я і прапаве́дую вам.
17:24Бог, Які ствары́ў свет і ўсё, што ў ім, Ён, бу́дучы Госпадам не́ба і зямлі, не ў рукатво́рных хра́мах жыве́
17:25і не патрабу́е паслуг рук чалавечых, як той, хто ма́е ў не́чым патрэ́бу, а Сам дае́ ўсяму жыццё, і дыха́нне, і ўсё;
17:26Ён стварыў ад адной крывí ўвесь род чалаве́чы, каб жылí па ўсім аблíччы зямлі, устанавіўшы прадвы́значаныя тэ́рміны і ме́жы пражыва́ння іх,
17:27каб яны шукалі Бога, ці не адчу́юць яны Яго і не зно́йдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,
17:28бо мы Ім жывём, і ру́хаемся, і існуём, як і некато́рыя з вашых паэтаў казалі: «бо мы ёсць і род Яго».
17:29Таму, будучы ро́дам Божым, мы не павíнны лічы́ць, што Бажаство́ падобна да золата, альбо срэ́бра, альбо ка́меня, твора ўме́льства і заду́мы чалавека;
17:30дык вось, не зважа́ючы на часы́ няве́дання, Бог цяпер зага́двае лю́дзям, каб усе ўсю́ды пака́яліся;
17:31таму што Ён устанавіў дзень, у які будзе пра́ведна судзíць свет праз Му́жа, Якога Ён прызна́чыў, да́ў­шы ўсім доказ, уваскрасíўшы Яго з мёртвых.
17:32Пачуўшы пра ўваскрасе́нне мёртвых, адны насміха́ліся, а другія казалі: пра гэта паслу́хаем цябе іншым разам.
17:33Тады Павел пайшоў ад іх.
17:34Некато́рыя ж мужы́, далучы́ў­шыся да яго, уве́равалі; сярод іх быў Дзіянíсій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Да́мар, і іншыя з імі.