Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 25

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 25
25:1Фест, прыбы́ўшы ў правíнцыю, праз тры дні адправіўся з Кесары́і ў Іерусалім.
25:2Тады першасвятары́ і зна́тныя Іудзеі зрабілі яму зая́ву су́праць Паўла і ўгаво́рвалі яго,
25:3і прасілі зрабіць ла́ску і вы́клікаць яго ў Іерусалім, рыхту́ючы засаду, каб забіць яго ў дарозе.
25:4Але Фест адказа́ў, што Паўла трыма́юць пад ва́ртаю ў Кесары́і і што сам ён ма́е наме́р неўзаба́ве адпра́віцца туды;
25:5дык няхай тыя з вас, хто можа, – сказаў  ён, – по́йдуць са мною, і, калі ёсць што – небудзь зага́ннае ў гэтым чалавеку, няхай абвінава́чваюць яго.
25:6І, правёўшы ў іх не больш дзесяці дзён, ён прыбы́ў у Кесары́ю; а на другі дзень, сеўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці Паўла.
25:7Калі ён з'явіўся, Іудзеі, якія прыйшлі з Іерусаліма, сталі наво́кал і выка́звалі шмат ця́жкіх абвінава́чанняў су́праць Паўла, якіх не здо́лелі даказа́ць; 
25:8ён жа ў сваю абаро́ну сказаў: ні су́праць закону Іудзейскага, ні су́праць храма, ні су́праць ке́сара нічым я не саграшы́ў.
25:9А Фест, жада́ючы праявíць прыхíльнасць да Іудзеяў, прамо́віў Паўлу ў адказ: хочаш пайсцí ў Іерусалім, каб я там судзíў цябе за гэта?
25:10Павел сказа́ў: я стаю́ перад судзíлішчам ке́саравым, дзе і нале́­жыць мяне судзíць; Іудзеяў я нічым не пакры́ўдзіў, як і табе добра вядо́ма;
25:11калі ж я вінава́ты і нешта ва́р­тае смерці зрабіў, то не адмаўля́юся паме́рці; а калі нічога такога няма, у чым яны абвінава́чваюць мяне, то ніхто не можа вы́даць мяне ім. Патрабу́ю суда́ ў ке́сара.
25:12Тады Фест, пагавары́ўшы з ра́даю, адказаў: ты патрабава́ў суда ў ке́сара, да ке́сара і по́йдзеш.
25:13Праз некалькі дзён цар Агры́па і Вернíка прыбылí ў Кесары́ю, каб павіта́ць Феста.
25:14І паколькі яны былí там многа дзён, Фест паве́даміў цару́ пра справу Паўлаву, ка́жучы: тут ёсць чалавек, пакíнуты Фе́ліксам пад ва́ртаю,
25:15на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі зая́ву першасвятары́ і старэ́й­шыны Іудзейскія, патрабу́ючы яго асуджэ́ння.
25:16Я адказаў ім, што ў Ры́млян няма звы́чаю аддаваць якога – небудзь чалавека на смерць, перш чым абвінава́­чаны не будзе мець перад сабою абвінава́ўцаў і не атрыма́е магчы́масці абараня́цца ад абвінава́чання.
25:17Калі ж яны прыйшлі сюды, то я без усякага адкла́ду, на наступны дзень, се́ўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці гэтага чалавека.
25:18Абступíўшы яго, абвінава́ўцы не назва́лі ніякай віны́ з тых, што я думаў;
25:19але яны ме́лі з ім нейкія спрэ́чныя по́гляды нако́нт сваіх ве́раванняў і нейкага Іісуса паме́рлага, пра Якога Павел сцвярджа́ў, што Ён жывы́.
25:20Не ве́даючы, што рабíць з гэтай справай, я сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзíлі за гэта?
25:21Але, паколькі Павел патрабава́ў, каб яго пакінулі для прыня́цця рашэ́ння А́ўгустам, то я загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю да таго часу, як я пашлю́ яго да ке́сара.
25:22Агры́па сказаў Фесту: я хацеў бы і сам паслу́хаць гэтага чалавека. Заўтра, – адказаў той, – паслу́хаеш яго.
25:23На другі дзень, калі Агры́па і Вернíка прыбылí з вялікай пы́шна­сцю і ўвайшлі ў судо́вую пала́ту з тысяча­нача́льнікамі і са́мымі зна́т­нымі мужа́мі горада, то па зага́ду Феста быў прыве́дзены Павел.
25:24І сказаў Фест: цар Агры́па і ўсе прысу́тныя з намі мужы́! вы бачыце таго, з – за каго ўсё мноства Іудзеяў звярта́лася да мяне і ў Іерусаліме, і тут і крычала, што ён больш не павінен жыць;
25:25але я перакана́ўся, што ён не зрабіў нічога ва́ртага смерці; паколькі ж ён сам патрабава́ў суда́ ў А́ўгуста, то я вы́рашыў паслаць яго туды;
25:26я не магу нічога пэ́ўнага напі­са́ць пра яго ўладару́, таму я вы́веў яго да вас і перш за ўсё да цябе, цар Агры́па, каб пасля таго, як адбу́дзецца рассле́даванне, у мяне было́ што напіса́ць;
25:27бо мне здае́цца, неразу́мна пасыла́ць вя́зня і не паказа́ць абвінава́чанняў су́праць яго.