Священное Писание

Дзеянні Святых Апосталаў, глава 3

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24  25  26  27  28 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 3
3:1Пётр з Іаа́нам узыхо́дзілі ра́зам у храм на малітву ў гадзíну дзевя́тую.
3:2I быў нейкі чалаве́к, кульга́вы ад уло́ння ма́ці сваёй, якога насíлі і садзíлі кожны дзень перад дзвяры́ма хра́ма, што называ́ліся Прыго́жымі, прасíць мíласціну ў тых, хто ўвахо́дзіў у храм;
3:3ён, уба́чыўшы Пятра і Іаана, якія наме́рваліся ўвайсцí ў храм, папрасíў у іх даць мíласціну.
3:4Угле́дзеўся ў яго Пётр, сто́ячы з Іаа́нам, і сказаў: паглядзí на нас.
3:5І той скірава́ў свой по́зірк на іх, спадзеючы́ся  нешта атрыма́ць ад іх.
3:6Пётр жа сказаў: серабра́ ды зо́лата няма́ ў мяне́, а што ма́ю, тое даю́ табе́: у імя́ Іісуса Хрыста Назарэ́я ўста́нь і хадзí.
3:7I, узя́ўшы яго за правую руку́, падня́ў; і адра́зу ж умацава́ліся яго ступнí і шчы́калаткі;
3:8і, падско́чыўшы, стаў ён і пача́ў хадзíць, і ўвайшо́ў з імі ў храм,  хо́дзячы і  ска́чучы, і хва́лячы Бога.
3:9I ба́чыў увесь народ, як ён хадзíў і хвалíў Бога;
3:10і пазна́лі яго, што гэта быў той, які дзе́ля мíласціны сядзе́ў каля Прыго́жых дзвярэ́й храма; і напо́ўніліся жа́хам і здзіўле́ннем ад таго, што адбыло́ся з ім.
3:11А пако́лькі ацалёны ад кульга́васці трыма́ўся Пятра́ і Іаа́на, то ўсе лю́дзі ў здзіўле́нні збе́гліся да іх у прытво́р, які называ́ўся Саламо́навым.
3:12Уба́чыўшы гэ́та, Пётр прамо́віў да людзе́й: мужы́ Ізра́ільскія! чаму́ вы здзіўля́ецеся гэ́таму і чаму так ўгляда́ецеся ў нас, як бы́ццам мы ўла́снаю сíлаю альбо набо́жнасцю зрабілі, каб ён хадзіў?
3:13Бог Аўраа́ма і Ісаа́ка і Іа́кава, Бог айцоў нашых, прасла́віў Сы́на Свайго Іісуса, Якога вы вы́далі і ад Якога адраклíся перад аблíччам Піла́та, калі той вы́рашыў адпусцíць Яго;
3:14вы ж ад Святога і Пра́веднага адраклíся і вы́прасілі аддаць вам чалаве́ка – забо́йцу,
3:15а Пачына́льніка жыцця́ забíлі; Бог уваскрасíў Яго з мёртвых, і мы све́дкі гэ́тага.
3:16I па ве́ры ў імя́ Яго, імя́ Яго ўмацава́ла таго, каго вы ба́чыце і ве́даеце; і ве́ра, якая ад Яго, дала́ яму гэтае ацале́нне перад усімі вамі.
3:17І цяпер, браты́, я ве́даю, што па няве́данню ўчынíлі вы гэта, як і нача́льнікі вашы;
3:18Бог жа, як прадказа́ў ву́снамі ўсіх Сваіх праро́каў, што паку́таваць будзе Хрыстос, так і здзе́йсніў.
3:19Дык пака́йцеся і навярнíцеся, каб былí сцёрты грахí вашы,
3:20каб прыйшлí часы́ суцяшэ́ння ад аблíчча Гаспо́дняга і каб Ён па­сла́ў ране́й прызна́чанага вам Іісуса Хрыста́,
3:21Якога нале́жала небу прыня́ць да часу аднаўле́ння ўсяго, пра што гаварыў Бог ву́снамі ўсіх святы́х Сваіх праро́каў адве́ку.
3:22Бо Маісе́й сказаў айцам: Пра­ро́ка ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з брато́ў вашых, як мяне́; Яго слу́хайцеся ва ўсім, што Ён будзе гавары́ць вам;
3:23і ста́не так, што кожная душа́, якая не паслу́хаецца Прарока Таго, будзе вы́нішчана з народа.
3:24Ды і ўсе прарокі ад Самуíла і пасля́ яго, якія толькі прамаўля́лі, таксама прадвясцíлі гэтыя дні.
3:25Вы – сыны́ тых праро́каў і запаве́ту, які Бог завяшча́ў айца́м нашым, ка́жучы Аўраа́му: «і ў се́мені тваім благаславя́цца ўсе плямёны зямны́я».
3:26Бог, уздзвíгнуўшы Сы́на Свайго Іісуса, найпе́рш да вас паслаў Яго благаславíць вас, каб адвярну́ўся кожны з вас ад злых спраў вашых.