Священное Писание

Святое Дабравесце паводле Лукi, глава 14

Оглавление
1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  12  13  14  15  16  17  18  19  20  21  22  23  24 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 14
14:1І сталася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, і яны сачылі за Ім;
14:2і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім.
14:3І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, кажучы: ці дазваляецца ў суботу ацаляць?
14:4Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, Ён ацаліў яго і адпусціў.
14:5А звярнуўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу той выцягне яго ў дзень суботні?
14:6І яны не змаглі адказаць Яму на гэта.
14:7Казаў жа запрошаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіраюць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:
14:8калі ты будзеш пакліканы кім – небудзь на вяселле, не ўзлягай на першае месца, каб не аказаўся хто пачэснейшы за цябе запрошаны ім,
14:9і той, хто паклікаў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: «дай яму месца», і тады з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
14:10Але калі будзеш пакліканы, прыйшоўшы, узлягай на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, падышоўшы, сказаў табе: «дружа, перайдзі вышэй», тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжыць з табою;
14:11бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а хто прыніжае сябе, будзе узвышаны.
14:12Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзеля таго, каб і яны цябе таксама паклікалі і была табе адплата.
14:13Але калі робіш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
14:14і блажэнны будзеш, бо яны не маюць, чым адплаціць табе, адплачана ж табе будзе пры ўваскрасенні праведных.
14:15Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжалі з Ім, сказаў Яму: блажэнны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!
14:16Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклікаў многіх;
14:17і паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць пакліканым: прыходзьце, бо ўжо гатова ўсё.
14:18І пачалі ўсе, як адзін, прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго; прашу цябе, прабач мне.
14:19І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
14:20І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
14:21І, прыйшоўшы, раб той паведаміў гаспадару свайму гэта. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх і калек, і сляпых, і кульгавых.
14:22І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць.
14:23І сказаў гаспадар рабу: выйдзі да дарог і загарадзяў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой.
14:24Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей пакліканых не пакаштуе маёй вячэры, бо многа пакліканых, але мала выбраных.
14:25Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
14:26калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім вучнем;
14:27і хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
14:28Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш не сядзе і не палічыць выдаткі, ці мае ён патрэбнае для завяршэння,
14:29каб, калі пакладзе падмурак і не здолее дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго,
14:30кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здолеў дакончыць?
14:31Або які цар, ідучы, каб з другім царом уступіць у вайну, не сядзе перш параіцца, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
14:32Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле пасольства да яго прасіць міру.
14:33Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
14:34Добрая рэч — соль, але калі соль страціць сілу, чым паправіць яе?
14:35Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная: вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!