Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 3 | |
3:1 | І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку. |
3:2 | І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб звінаваціць Яго. |
3:3 | І кажа Ён чалавеку, што меў усохлую руку: стань пасярэдзіне. |
3:4 | А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу ўратаваць альбо загубіць? Яны ж маўчалі. |
3:5 | І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая. |
3:6 См.: 🔗Iн. 10:39 | І, выйшаўшы, фарысеі адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго, як Яго загубіць. |
3:7 См.: 🔗Мф. 4:25 | Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі, |
3:8 | і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з – за Іардана. І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго. |
3:9 | І сказаў вучням Сваім, каб лодка была для Яго напагатове, каб натоўп не цясніў Яго. |
3:10 | Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кідаліся да Яго, каб да Яго дакрануцца. |
3:11 См.: 🔗Мф. 16:16 | І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы. |
3:12 | І Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго. |
3:13 | І ўзышоў на гару, і паклікаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго. |
3:14 | І паставіў дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць, |
3:15 | і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў. |
3:16 См.: 🔗Мф. 16:18 | Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр, |
3:17 | і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава, даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае «сыны громавы»; |
3:18 | і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта, |
3:19 | і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго. |
3:20 | І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хлеба паесці. |
3:21 См.: 🔗Iн. 10:20 | І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе. |
3:22 См.: 🔗Мф. 9:34 🔗Лк. 11:15 | А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў. |
3:23 | І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганяць? |
3:24 См.: 🔗Мф. 12:25 🔗Лк. 11:17 | І калі царства раздзеліцца самое ў сабе, не можа ўстаяць царства тое. |
3:25 | І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа ўстаяць дом той. |
3:26 | І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся, не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму. |
3:27 | Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабаваць дабра яго, калі перш не звяжа дужага, і тады абрабуе дом яго. |
3:28 | Праўду кажу вам: адпушчаны будуць сынам чалавечым усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі, |
3:29 | але хто будзе хуліць Духа Святога, не будзе мець адпушчэння давеку, а падлягае вечнаму асуджэнню. |
3:30 | Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе. |
3:31 См.: 🔗Мф. 12:46 🔗Лк. 8:19 | І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго. |
3:32 | І сядзеў народ вакол Яго. І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе. |
3:33 | І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае? |
3:34 | І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; |
3:35 | бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці. |