Язык:
Беларускi
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
| |
Раздзел 6 | |
6:1 | Дзеці, слухайцеся ў Госпадзе бацькоў вашых, бо гэта праведна. |
6:2 | «Шануй бацьку твайго і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем: |
6:3 См.: 🔗Исх. 20:12 | «каб добра табе было і ты доўга жыў на зямлі». |
6:4 См.: 🔗Прит. 13:25 | І вы, бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, а выхоўвайце іх у вучэнні і настаўле́нні Гасподнім. |
6:5 | Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх па плоці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэрца вашага, як Хрыста, |
6:6 | слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы волю Божую ад душы, |
6:7 | шчыра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям, |
6:8 См.: 🔗2Кар. 5:10 | ведаючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, тое ж атрымае ад Госпада. |
6:9 | І вы, гаспадары, рабіце ім тое самае, стрымлівайце суровасць, ведаючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асобы. |
6:10 | Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў магутнасці сілы Яго; |
6:11 См.: 🔗Рым. 13:12 🔗1Фес. 5:8 | апранíцеся ва ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыявала; |
6:12 | бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных. |
6:13 | Дзеля гэтага вазьміце ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць. |
6:14 См.: 🔗Лк. 12:35 🔗1Пят. 1:13 | Так што станьце, падпераза́ўшы сябе ісцінай і апрануўшы браню праведнасці, |
6:15 | і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабраве́сціць мір; |
6:16 | а перш за ўсё вазьміце шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе распа́леныя стрэлы злога; |
6:17 | і шлем спасення вазьміце, і меч духоўны, які ёсць слова Божае; |
6:18 | усякаю малітваю і прашэннем маліцеся ва ўсякую пару́ духам і пра гэта дбайце з усёй цярплівасцю і прашэннем за ўсіх святых |
6:19 См.: 🔗2Фес. 3:1 | і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — вуснамі маімі з адвагаю не́сці тайну дабраве́сця, |
6:20 См.: 🔗Дзеян. 21:11 | паслом якога я з'яўляюся ў аковах, каб я адважна прапаведаваў, як мне і належыць. |
6:21 См.: 🔗Дзеян. 20:4 🔗Кал. 4:7 | А каб і вы ведалі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паведаміць вам Ціхік, узлю́блены брат і верны ў Госпадзе служыцель, |
6:22 | якога я і паслаў да вас дзеля таго, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы. |
6:23 | Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста. |
6:24 | Благадаць з усімі, хто любіць Госпада нашага Іісуса Хрыста непарушна. Амінь. |