Священное Писание

Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла, глава 1

Оглавление
1  2  3  4  5  6 
Біблія (Евангелле і Апостал) на беларускай мове. Пераклад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Раздзел 1
1:1Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
1:2і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыйскім:
1:3благадаць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,
1:4Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вызваліць нас з цяперашняга веку злога, па волі Бога і Айца нашага;
1:5Яму слава на векі вякоў. Амінь.
1:6Здзіўляюся, што вы ад Таго, Хто паклікаў вас благадаццю Хрыстовай, так хутка пераходзіце да іншага дабравесця,
1:7якое і не з’яўляецца іншым, але ёсць некаторыя, што сеюць смуту сярод вас і хочуць сказіць дабравесце Хрыстова.
1:8Калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няхай будзе анафема.
1:9Як раней мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялí, — няхай будзе анафема.
1:10Ці ў людзей я цяпер шукаю прыхільнасці, ці ў Бога́ хіба лю́дзям намагаюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджаў, то не быў бы рабом Хрыстовым.
1:11Абвяшчаю вам, браты, што Евангелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалавечае;
1:12бо і я не ад чалавека прыняў яго і быў наву́чаны, а праз адкравенне Іісуса Хрыста.
1:13Вы ж чулі пра маё ранейшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жорстка пераследаваў Царкву Божую і вынішчаў яе, 
1:14і пераўзыходзіў у Іудзействе многіх равеснікаў з роду майго, будучы заўзя́тым паборнікам бацькоўскіх паданняў маіх.
1:15Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў благадаццю Сваёю, пажада́ў
1:16адкрыць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язычнікаў, то я адразу не стаў раіцца з плоццю і крывёю
1:17і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апосталамі, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
1:18Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
1:19Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іакава, брата Гасподняга.
1:20А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.
1:21Потым пайшоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
1:22Цэрквам Хрыстовым у Іудзеі я асабіста не быў вядомы,
1:23а толькі чулі яны, што той, хто некалі пераследаваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішчаў, —
1:24і праслаўлялі за мяне Бога.